Баўмгертнеру перакваліфікаваны артыкул - ён «выпаў у асадак»
- 11.10.2013, 13:26
Гендырэктару «Уралкалію» Уладзіславу Баўмгертнеру перакваліфікаваны артыкул абвінавачвання на крадзеж.
Пра гэта заявіў на прэс-канферэнцыі для расейскіх журналістаў у пятніцу ў Менску Аляксандр Лукашэнка.
«Яму перакваліфікаванае абвінавачванне - крадзеж. Ён выпаў у асадак», сказаў Лукашэнка.
На мінулым тыдні беларускія следчыя органы ўдакладнілі абвінавачванне Баўмгертнеру. «На падставе атрыманых следствам дадатковых дадзеных, узнікнення новых абставінаў Баўмгертнеру і іншым фігурантам крымінальнай справы ўдакладнена (дапоўнена) абвінавачванне», - паведамілі 4 кастрычніка агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у Следчым камітэце (СК) Беларусі.
«З крымінальнай справы вылучаныя і перададзеныя ў генеральную пракуратуру Беларусі 19 тамоў матэрыялаў па факце прычынення шкоды інтарэсам Расейскай Федэрацыі», - адзначылі ў СК.
Лукашэнка прапануе расейскаму боку забраць кіраўніка «Уралкалію» Уладзіслава Баўмгертнера і самім расследаваць гэтую справу.
«Але пакуль такіх просьбаў (з расейскага боку - ІФ) не было», - заявіў Лукашэнка.
«Ён жа здзейсніў злачынства. Вы б маглі сказаць: «Аддайце яго расейцам, мы самі разбярэмся». Калі ласка - бярыце Чайку (генпракурор РФ), прыязджайце з ім заўтра і па законе, у нас ёсць такі, вы яго забіраеце ў камеру і вядзіце расследаванне, мы будзем вам дапамагаць», - сказаў беларускі кіраўнік. «Ён вам больш шкоды прынёс», - падкрэсліў Лукашэнка.