BE RU EN

Расея запатрабуе экстрадыцыі Баўмгертнера

  • 14.10.2013, 17:40

Для гэтага СК Расеі распачаў крымінальную справу супраць кіраўніка «Уралкалію».

Следчы камітэт Расеі распачаў крымінальную справу ў дачыненні да гендырэктара «Уралкалію» Уладзіслава Баўмгертнера, паведаміў «Інтэрфаксу» афіцыйны прадстаўнік СК РФ Уладзімір Маркін.

«Крымінальная справа ўзбуджаная па арт. 201 КК РФ - злоўжыванні паўнамоцтвамі», - адзначыў Маркін.

«У дачыненні да іншых фігурантаў па крымінальнай справе таксама будуць прымацца працэсуальныя рашэнні, у тым ліку звязаныя з прад'яўленнем абвінавачвання і абраннем меры стрымання», - указаў Маркін.

«З улікам таго, што ў матэрыялах, прадстаўленых беларускім бокам, утрымліваюцца звесткі аб іншых парушэннях дапушчаных кіраўнікамі ЗАТ «Беларуская калійная кампанія» і ААТ «Уралкалій», яны ў поўным аб'ёме будуць правераныя ў рамках расследавання распачатай крымінальнай справы, а дзеянням асоб, якія іх ўчынілі, будзе дадзеная адпаведная прававая ацэнка», - сказаў на заканчэнне ён.

«У бліжэйшы час следчымі органамі будзе вырашана пытанне аб вынясенні пастановы аб прыцягненні ў якасці абвінавачанага і аб абранні меры стрымання ў дачыненні да Уладзіслава Баўмгертнера», - адзначыў прадстаўнік СКР.

Паводле яго слоў, «пасля гэтага, з улікам нормаў, прадугледжаных ч. 1 арт. 12 КК РФ, Следчым камітэтам будуць падрыхтаваныя дакументы аб экстрадыцыі Баўмгертнера на тэрыторыю РФ».

Нагадаем, Уладзіслаў Баумгертнер быў затрыманы ў менскім аэрапорце 26 жніўня пасля сустрэчы з прэм'ер-міністрам Беларусі Міхаілам Мясніковічам. Следчы камітэт прад'явіў яму абвінавачанне па частцы 3 артыкула 424 КК (злоўжыванне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі). Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

26 верасня, напярэдадні візіту Пуціна ў Беларусь, гендырэктар «Уралкалію» змешчаны пад хатні арышт.

12 кастрычніка Следчы камітэт Расеі (СКР) атрымаў з Беларусі матэрыялы крымінальнай справы ў дачыненні да гендырэктара ААТ «Уралкалій» Уладзіслава Баўмгертнера і прыняў іх у сваю вытворчасць.

Фота: РІА «Новости»

Апошнія навіны