BE RU EN

МЗС Літвы: Прозвішча Лукашэнкі ў запрашэнні на саміт у Вільню няма

  • 15.10.2013, 18:04

Краіны-ўдзельніцы «Усходняга партнёрства» атрымалі запрашэнні на саміт.

Яны былі перададзеныя амбасадарам Арменіі, Азербайджана, Беларусі, Грузіі, Малдовы ды Украіны віцэ-міністрам замежных спраў Літвы Андрусам Крывасам (Andrius Krivas), піша «Інтэрфакс».

Лісты падпісаныя прэзідэнтам Даляй Грыбаўскайтэ, прэзідэнтам Рады Еўразвязу Германам ван Рампеем і старшынём Еўракамісіі Жазэ Мануэлем Барозу. У прызначаным для Беларусі запрашэнні не ўпісана прозвішча Лукашэнкі, які значыцца ў «чорным спісе» Еўразвязу, пацвердзілі літоўскія дыпламаты.

«Запрашэнні - для дзяржаў, а не для канкрэтнай афіцыйнай асобы», - паведаміў Аддзел грамадскага інфармавання МЗС Літвы ў адказ на пытанне, ці запрашаць беларускага правадыра на саміт.

Сустрэча будзе праходзіць у Вільні 28-29 лістапада. На сустрэчы плануецца падпісаць дамову аб асацыяваным сяброўстве і аб свабодным гандлі з Украінай, а таксама парафіраваць такія ж дамовы з Малдовай і Грузіяй.

Лукашэнку і шэрагу беларускіх чыноўнікаў забаронены ўезд у ЕЗ праз рэпрэсіі супраць апазіцыі і парушэнні правоў чалавека.

Апошнія навіны