BE RU EN

ЕЗ падоўжыць санкцыі супраць «кашалькоў» Лукашэнкі

  • 21.10.2013, 13:33

Санкцыі будуць падоўжаныя аўтаматычна.

Гэта вынікае з раней прапісанага механізму абмежавальных мер, які прадугледжвае іх падаўжэнне ў тым выпадку, калі не зменіцца сітуацыя з беларускімі палітвязнямі і з павагай уладамі правоў чалавека, законнасці і дэмакратычных прынцыпаў у Беларусі, перадае «Радыё Свабода».

Па гэтай прычыне санкцыі не будуць прадметам абмеркавання на сённяшнім пасяджэнні міністраў замежных спраў ЕЗ, якое адбываецца ў Люксембургу.

На дадзены момант абмежавальныя меры дзейнічаюць у дачыненні да 243 асоб, у тым ліку Лукашэнкі і яго старэйшых сыноў, і 32 кампаній, якія належаць набліжаным да яго беларускім алігархам.

На мінулым тыдні праваабарончыя групы са Швецыі, Чэхіі, Германіі, Эстоніі, Славакіі, Фінляндыі, Швейцарыі, Нарвегіі і Беларусі накіравалі ліст міністрам замежных спраў краін-удзельніц ЕЗ і Вярхоўнаму прадстаўніку ЕЗ па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан, у якім гаворыцца, што санкцыі ў іх сённяшнім выглядзе не працуюць. «Толькі паслядоўная стратэгія ЕЗ з выкарыстаннем эфектыўных абмежавальных мер можа прывесці да станоўчых зменаў у Беларусі і, у першую чаргу, да вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітычных зняволеных». Ліст таксама падпісаны кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2010 года, былым палітвязнем Андрэем Саннікавым, лідарам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь».

За падаўжэнне санкцый супраць беларускага рэжыму на мінулым тыдні выказалася таксама Рада БНР.

Апошнія навіны