BE RU EN

Лукашэнка запатрабаваў выкуп за Баўмгертнера

  • 21.10.2013, 15:00

А на месцы гендырэктара «Уралкалію» дыктатар хоча бачыць алігарха Гуцарыева.

Лукашэнка лічыць магчымай перадачу расейскаму боку генеральнага дырэктара ААТ «Уралкалій» Уладзіслава Баўмгертнера пасля кампенсацыі нанесенай беларускаму боку шкоды. Паводле яго ацэнак, Беларусь страціла ад канфлікту «Беларуськалію» і «Уралкалію» «ад 1,5 млрд да 2 млрд даляраў».

«Я не крыважэрны, я не да таго, што мы павінны іх пасадзіць і гэтак далей. Пакуль мы не набралі больш шкоды, няхай нам кампенсуюць гэта», - заявіў А. Лукашэнка ў панядзелак у Менску, падчас сустрэчы з кіраўнікамі сродкаў масавай інфармацыі краін СНД, піша «Інтэрфакс».

Пры гэтым Беларусь разлічвае атрымаць неабходныя аб'ёмы нафты з РФ, нягледзячы на калійны канфлікт.

«Што датычыцца нафты, то я асабліва не ўнікаў. Адразу пасля гэтага канфлікту з Баўмгертнерам, яны заявілі, што па тэхнічных прычынах будуць скарачаць пастаўкі ў Беларусь. Я сказаў Пуціну, што гэта будзе неразумны крок», - заявіў Лукашэнка.

Дыктатар заявіў, што расейскі бізнесмен Міхаіл Гуцарыеў мог бы выкупіць долю ў ААТ «Уралкалій» і працаваць з Беларускай калійнай кампаніяй.

«Ведаю Гуцарыева, але мы з ім праблему куплі не абмяркоўвалі. Толькі ў агульных рысах я яму кажу: Міхаіл, чаго ты не хочаш купіць? Таму што ён у нас руднік будуе, ён будзе паўтара мільёна тон сваіх угнаенняў здабываць. Кажа (Гуцарыеў - ІФ) - падумаю. Потым чую, што ён нібыта ўдзельнічае», - заявіў Лукашэнка.

«Пры сустрэчы, вядома, я яму задам пытанне. Я быў бы зацікаўлены, каб ён працаваў», - сказаў Лукашэнка. Перш за ўсё, растлумачыў кіраўнік, таму што ён «хвост свой» у шахту апусціў і нікуды не дзеўся б. «Ён быў бы ўмантаваны ў сістэму, ён рабіў бы свае ўгнаенні, як прыватнік», - сказаў Лукашэнка.

«Нам было б вельмі выгадна, ён нікуды б не падзеўся ад Беларускай калійнай кампаніі», - сказаў ён.

«Раснафта» стане манапалістам на беларускім рынку

Лукашэнка лічыць, што вызначэнне «Раснафты» спецыяльным пастаўшчыком сыравіны ў Беларусь было б выгадным для рэспублікі.

«Ёсць адзін фактар - гэта стабільнасць паставак. Мы не хацелі б кожны квартал, як гэта было ў гэтым годзе, узгадняць пастаўкі нафты», - заявіў ён.

«Мы будзем абараняцца»

Лукашэнка заяўляе, што краіны Мытнага саюза гатовыя сумесна абараняць свае эканомікі ад магчымых негатыўных наступстваў у выпадку заключэння Украінай пагаднення аб асацыяцыі з ЕЗ.

«Я не думаю, што гэта нясе нам (Беларусі) большую шкоду, чым Расеі. Больш за ўсё шкоды будзе для Расеі», - сказаў ён.

Кіраўнік растлумачыў, што ў цяперашні час вядзецца аналіз таго, якую шкоду можа нанесці падпісанне гэтага пагаднення на саміце Усходняга партнёрства ў Вільні.

«Мы будзем абараняцца разам, Мытным саюзам, калі мы будзем бачыць у гэтым неабходнасць, класічным чынам: мы ўвядзем загараджальныя прамысловыя, мытныя пошліны па тых або іншых таварах, калі ў гэтым будзе неабходнасць», - працягнуў Лукашэнка.

Пры гэтым ён выказаў меркаванне, што «публічная праца» па пытанні падпісання Украінай пагаднення аб асацыяцыі з ЕЗ скончаная, усе краіны праінфармаваныя аб пазіцыях адна адной. На яго погляд, «зараз неабходна сесці, астыць і вызначыцца, як будзем дзейнічаць далей». «Няма невырашальных праблем», - падкрэсліў Лукашэнка.

«Для нас, і Беларусі, і Расеі, і Казахстана, гэта простая задача - абараніцца», - працягнуў ён.

«Для мяне гэта хворая праблема»

Беларускі кіраўнік лічыць, што Расеі не ўдасца вырашыць міграцыйныя праблемы ўвядзеннем забаронаў і віз.

«Калі вы хочаце адным ударам вырашыць праблему міграцыі, то трапіце ў пастку, застанецеся адны, а вакол вас будуць краіны, дзе людзі будуць глядзець на вас не так, як трэба», - заявіў Лукашэнка.

Дыктатар адзначыў, што «міграцыйныя праблемы трэба вырашаць не з гэтага: забараніць, выдаць візы і гэтак далей». «Я ўпэўнены, у Расеі гэтыя праблемы не будуць так вырашацца. У Расеі досыць разумных людзей, каб вырашаць праблему знізу, ствараючы ўмовы і трымаючы пад кантролем усе працэсы», - сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, «вядома, цяпер шмат эмоцый вакол Бірулёва». «Для мяне гэта праблема балючая, я не хачу, каб у Расеі гэта адбывалася», - адзначыў беларускі кіраўнік.

Ён звярнуў увагу на тое, што зараз актыўна абмяркоўваецца сітуацыя праз прызму «высокай ступені карумпаванасці, крышавання, што на гэтай міграцыі выраслі напаўалігархічныя крымінальныя кланы». «Гэта, што, няпраўда? Так давайце гэта вырашым», - сказаў ён.

Адзначыўшы, што Расея мае патрэбу ў замежнай рабочай сіле, Лукашэнка прапанаваў «стварыць такі парадак, каб ён не дапускаў падобных парушэнняў». «Вядома, нельга дараваць такія злачынствы. Але такія злачынствы нельга дараваць ўсім - і рускім, і беларусам, і малдаванам, і ўкраінцам, і азербайджанцам, і армянам», - падкрэсліў кіраўнік.

«Я б прадаў МТС за $900 млн»

Дыктатар заяўляе пра гатоўнасць рэспублікі знізіць кошт дзярждолі ў беларускім аператары мабільнай сувязі МТС.

«Калі б нават у адкрытых таргах было $500 млн, я б не прадаў, чакаў павышэння рынку. А калі не $1 млрд, які калісьці быў вызначаны на высокім рынку ў якасці кошту, а было б $900 млн у адкрытых таргах? Я б прадаў на сённяшні дзень», - сказаў ён.

Лукашэнка падкрэсліў, што кошт дзярждолі ў беларускім аператары мабільнай сувязі МТС з'яўляецца прадметам перамоваў з патэнцыйным інвестарам.

«Вы кажаце - дорага, а я кажу - танна. Гэта (кошт - ІФ) - пытанне дамоўленасцей або іншых цывілізаваных момантаў для прыняцця рашэння», - адзначыў Лукашэнка.

«Няма ў эканоміцы фінансавага паняцця танна ці дорага - гэта працэс, дзе людзі селі і дамаўляюцца», - падкрэсліў кіраўнік.

«Мужыкі, перастаньце пра Бакіева гаварыць»

Лукашэнка прапануе Кыргызстану пачаць новы этап у двухбаковых адносінах.

«Мы павінны проста перагарнуць старонку нашага супрацоўніцтва, паціху-паціху», - заявіў беларускі кіраўнік.

Пры гэтым, адзначыў ён, імпульс гэтаму можа даць саміт СНД у Мінску.

На думку дыктатара, бакі могуць супрацоўнічаць у розных галінах эканомікі, у прыватнасці ў сельскай гаспадарцы, машынабудаванні. «Будзем выбудоўваць адносіны і ў рамках Мытнага саюза. Мы да гэтага гатовыя», - сказаў ён.

Лукашэнка нагадаў, што пры Курманбеку Бакіеве супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі развівалася больш інтэнсіўна: «Цяпер вы рубам паставілі пытанне пра Бакіева. Я спрабую растлумачыць: мужыкі, перестаньце пра Бакіева гаварыць. Цяпер ужо, дзякуй Богу, супакоіліся».

І зноў пра «Уралкалій»

Лукашэнка папракае «Уралкалій» у дэмпінгу на калійным рынку.

«Мне абсалютна ўсё роўна, чым займаецца «Уралкалій», за выключэннем аднаго, каб яны праводзілі нармальную палітыку на рынку калійных угнаенняў. Яны ж шкодзяць не толькі нам, - адзначыў беларускі кіраўнік. - Мяне адзінае хвалюе, да якога часу яны будуць дэмпінгаваць і гэтым самым губіць уласную вытворчасць калійных угнаенняў у Расеі».

«Пачынаецца дэмпінг ва ўсіх сегментах калійнага рынку. Калі сёння мы дамаўляемся прадаць калійныя ўгнаенні за $400, то літаральна следам прыязджаюць прадстаўнікі «Уралкалію» (гэта ўжо было зафіксавана ў многіх месцах) і прапануюць за $320-350», - сказаў Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што беларуская кампанія здольная вытрымаць такі дэмпінг і для гэтага ёсць неабходныя рычагі. «Навошта вы ў страту працуеце? Каб захапіць рынкі? Не атрымаецца! - заявіў Лукашэнка. - Мы, вядома, негалосна можам дамовіцца з усімі кампаніямі, якія працуюць на рынку, і вы не справіцеся з агульным рынкам. Гэта класіка - усе павінны працаваць на тое, каб атрымаць вялікі кошт, а роўна, - вялікі прыбытак».

Дыктатар адзначыў, што аднаўленне партнёрства і продаж праз аднаго трэйдара былі б выгадныя абодвум бакам і значна павысілі б кошт на калійныя ўгнаенні. «Таму мы не супраць, калі ласка, гатовыя хоць заўтра вярнуцца, але на тых прынцыповых дамоўленасцях, якія былі дасягнутыя, каб гэта было празрыста і сумленна. Мы не хочам ніякіх адкатаў, левых схем», - сказаў Лукашэнка.

Пра стварэнне холдынгу МАЗ-КАМАЗ: Давайце не будзем спяшацца

Лукашэнка прапаноўвае расейскаму боку стварыць у якасці эксперыменту на 3 гады кіруючую кампанію холдынгу МАЗ-КАМАЗ, каб ацаніць эфектыўнасць сумеснай працы.

«Я кажу, хлопцы, давайце не будзем спяшацца, прадаваць, абменьваць і іншае, тым больш што мы з вамі наеліся ўжо на прыкладзе Уралкалію-Беларуськалію», - заявіў ён.

«Давайце гады на тры створым кіруючую кампанію, перадамо ёй тое, што вы і мы хочам, акцыі, даем ёй права прымаць рашэнні, але без абмену ўласнасцю. Як быццам мы абмяняліся ўласнасцю, прыватызавалі», - сказаў ён. «Тады будзем бачыць, чаго вы хочаце», - працягнуў ён.

Пры гэтым Лукашэнка падкрэсліў, што ў пытаннях прыватызацыі дзяржуласнасці трэба звяртаць увагу на тое, які аб'ём інвестыцый, якія новыя тэхналогіі можа прынесці інвестар, а таксама якія новыя рынкі з'явяцца ў выпадку прыватызацыі. «З пункту гледжання КАМАЗа, якія грошы ён укладвае ў МАЗ? Ніякія», - сказаў Лукашэнка. Ён дадаў, што наўрад ці можна казаць пра нейкія новыя тэхналогіі, калі КАМАЗ на рынках прайграе МАЗу.

Лукашэнка выказаў сумнеў у тым, што аб'яднанне з КАМАЗам можа прынесці і нейкія новыя тэхналогіі або рынкі. «Ён (КАМАЗ) ужо прайграе МАЗу на рынку? Стаіць МАЗ, стаіць КаМАЗ, купляюць МАЗ? Дык якія тэхналагічныя навінкі нам нясе КаМАЗ?» - сказаў ён. «Якія новыя рынкі мы атрымліваем, аб'яднаўшыся?» - задаў кіраўнік рытарычнае пытанне.

Ён асабліва адзначыў, што ў Беларусі няма прадпрыемстваў, якія забароненыя да прыватызацыі.

Пра «Алтын»

Беларускі дыктатар заявіў пра неактуальнасць абмеркавання пытанняў, якія тычацца ўвядзення адзінай валюты ў рамках Адзінай эканамічнай прасторы.

«Гэтае пытанне - гэта забяганне наперад. Нехта падкінуў пытанне: давайце адзіную валюту. Мне на гэта лёгка рэагаваць», - заявіў Лукашэнка.

У сувязі з гэтым ён нагадаў пра абмеркаванне пытання аб адзінай валюце ў рамках «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі.

«Хто супраць адзінай валюты? Падніміце саюзную дамову, там усё распісана: калі, у якія тэрміны мы будзем вырашаць гэтае пытанне, аж да аб'яднання ў адзіную дзяржаву», - сказаў Лукашэнка.

«Чаму вы, расейцы, не хацелі ісці гэтым шляхам, а выхапілі адтуль пытанне адзінай валюты, якое стаіць не першым, а амаль апошнім?» - спытаў кіраўнік. Ён лічыць, што гэта была спроба пабудаваць дом з даху.

«Выхапілі пытанне аб адзінай валюце не выпадкова - каб паставіць крыж на «саюзным» будаўніцтве. Вось і затармазіліся.

Так, зроблена шмат, але саюзная дамова не рэалізаваная, яна не выкананая», - заявіў ён.

Пры гэтым Лукашэнка падкрэсліў, што «не на раўнапраўнай аснове мы будаваць нічога не будзем». «У адзіным эмісійным цэнтры павінны прымацца рашэнні на роўных. Нам прапаноўвалі іншае: хочаце - бярыце расейскі рубель. Але ў дамове не запісана так. Гэта павінна быць адзіная валюта. Можа быць, гэта будзе не беларускі, не расейскі рубель, а нейкі іншы», - адзначыў Лукашэнка.

Апошнія навіны