BE RU EN

Крэдыт ЕўрАзЭС затрымліваецца з-за арышту Баўмегертнера

  • 21.10.2013, 16:03

Шосты транш крэдыту Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС можа прыйсці ў Беларусь пазней, чым разлічваюць у Менску.

Пра гэта сёння заявіў Лукашэнка на прэс-канферэнцыі для журналістаў сродкаў масавай інфармацыі краін СНД, піша РІА «Новости».

Антыкрызісны фонд ЕўрАзЭС у чэрвені 2011 года прыняў рашэнне аб выдзяленні Беларусі стабілізацыйнага крэдыту ў памеры 3 мільярды даляраў. Беларусь ужо атрымала 5 траншаў на агульную суму 2,56 мільярда даляраў. Шосты, па словах кіраўніка Нацбанка Надзеі Ермаковай, чакаецца да канца 2013 года.

«Мы дамаўляліся з Антыкрызісным фондам ЕўрАзЭС. На сённяшні дзень застаўся адзін транш, і неяк ён затармазіўся. Але не думаю, што будзе праблема», - сказаў Лукашэнка сёння, адказваючы на пытанне, ці паўплывала сітуацыя з «Уралкаліем» на атрыманне крэдытаў Беларусі. Лукашэнка дадаў, што абмяркоўваў гэтую тэму з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным.

Раней намеснік міністра фінансаў Расеі Сяргей Сторчак заяўляў, што затрыманне гендырэктара «Уралкалію» Уладзіслава Баўмгертнера ў канцы жніўня ў Менску не адаб'ецца на вылучэнні завяршальнага, шостага траншу крэдыту Беларусі з Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС. Аднак, пакуль невядома, ці зможа Менск разлічваць на наступны крэдыт.

Апошнія навіны