BE RU EN

Куды знікла кіраўнік БКК?

  • 22.10.2013, 13:44

Кіраўнік Беларускай калійнай кампаніі Алена Кудравец з моманту прызначэння на гэтую пасаду не зрабіла ніводнай заявы для прэсы.

«Салідарнасць» паспрабавала з ёй звязацца, а таксама высветліць, ці па-ранейшаму мэнэджэр з Салігорску з'яўляецца гендырэктарам БКК.

На сайце БКК адсутнічаюць кантакты кіраўніцтва кампаніі і яе прадстаўніцтваў у Бразіліі, Панаме, Індыі, ЗША, Сінгапуры і Кітаі. Адзіны тэлефон, які ёсць у ключавых рубрыках, - нумар упраўлення па сувязях з грамадскасцю. Акрамя таго, на сайце не прапісаныя імёны топ-мэнэджэраў кампаніі.

Прэс-сакратар, якая прадставілася Ірынай, патлумачыла, што пагаварыць з кіраўніком кампаніі нам не ўдасца, «таму што яе няма». Супрацоўніца прапанавала сваю дапамогу : «Гэта мая праца - даваць каментары».

Суразмоўніца пацвердзіла, што Алена Кудравец па-ранейшаму з'яўляецца кіраўніком БКК.

- З таго моманту, як Алена Кудравец узначаліла кампанію, не было ніводнай заявы з яе вуснаў. Чаму?

- Чалавек справай займаецца, працу працуе. У гэтым няма нічога дзіўнага. Сачыце за заявамі, якія будуць з'яўляцца на нашым сайце. Яны будуць зыходзіць ад афіцыйна ўпаўнаважанай асобы па ўзаемадзеянні з грамадскасцю.

- Гэта палітыка кампаніі, калі заявы зыходзяць не ад генеральнага дырэктара?

- Гэта залежыць ад канкрэтнай сітуацыі. Трэба разумець, што Беларуская калійная кампанія - буйная структура і вельмі важны гулец на рынку, і кожная заява - гэта інфармацыя для рынку, перш за ўсё. Мы павінны ўлічваць нашы бізнес-інтарэсы. Таму прымайце гэта таксама ў разлік.

- Хто заняў месца абвешчаных у вышук топ-мэнэджэраў БКК, якія працавалі з Баўмгертнерам?

- Гэты спіс з'явіцца ў бліжэйшы час на нашым сайце, і я вам магу яго выслаць.

- Некаторыя эканамічныя аглядальнікі лічаць, што справа Баўмгертнера і іншых топ-мэнэджараў «Уралкалію», разбурылі кадравую аснову для патэнцыйнага супрацоўніцтва, фактычна абяскровілі БКК. Хацелася б ведаць, што думае з гэтай нагоды цяперашняе кіраўніцтва кампаніі.

- Безумоўна, гэта не так. Калі вы будзеце ўважліва сачыць за абнаўленнем нашых афіцыйных прэс-рэлізаў, якія з'явяцца на днях, вы пераканаецеся ў тым, што гэта не проста далёка ад праўды, а катэгарычна не так. Паверце, у Беларусі ёсць спецыялісты, якія працуюць вельмі добра, маюць вельмі высокі ўзровень прафесіяналізму і ні ў чым не саступаюць нашым расейскім калегам.

Апошнія навіны