Лукашэнка прайграе інфармацыйную вайну Керымаву
- 24.10.2013, 12:08
І гэта прыводзіць беларускага дыктатара ў шаленства.
«Ва ўладаў Беларусі няма столькі грошай, каб праспансаваць куплю 33% акцый «Уралкалію». Фінансаванне здзелкі расейскімі банкамі - «Ашчадным банкам» або ВТБ, таксама пад пытаннем, улічваючы іх няпростыя адносіны з названымі ў прэсе пакупнікамі «долі Керымава» ў кампаніі, якая з'яўляецца сусветным лідарам па вытворчасці калійных угнаенняў», - заявіў 23 кастрычніка ІА REGNUM беларускі палітолаг Мікалай Радаў, каментуючы перспектывы набыцця 33% акцый расейскага ААТ «Уралкалій» расейскім бізнесменам Аляксеем Хоціным.
«Ні ў Аляксея Хоціна, ні ў яго бацькі Юрыя Хоціна, ні ў іх разам узятых разам з іх бліжэйшымі партнёрамі па дэвелаперскім бізнесе ў Маскве няма столькі грошай, каб выкупіць 33% акцый «Уралкалію», - сказаў Радаў. - Ці выказвалі такі намер самі Хоціны, якія вядуць бізнес разам - у лепшых традыцыях постсавецкіх чэбалей, таксама пытанне. Хто можа вылучыць фінансавыя рэсурсы на гэтую здзелку, улічваючы рэпутацыю Хоціна? Хіба што рашэнне будзе прымаць Аляксандар Лукашэнка, але ў кіраўніцтва Беларусі зараз няма нават дзесятай часткі сродкаў, неабходных на выкуп блокпакета акцый «Уралкалію». На гэтую здзелку прыйдзецца выдаткаваць усе золатавалютныя рэзервы Нацбанка Беларусі і яшчэ недзе заняць - такі варыянт уяўляецца фантастычным. Хоціны не зробяць распродаж сваёй нерухомасці ў Маскве дзеля набыцця кантролю над руднікамі ў Пермскім краі. На самой справе, можна шмат цікавых і нават абсурдных пытанняў паставіць па надуманых нагодах».
«Значна цікавей іншае пытанне: каму менавіта цяпер спатрэбіўся гэты «інфармацыйны ўкід»? - працягнуў Радаў. - Заказчыкі разлічваюць прыцягнуць увагу да продажу пакета акцый Керымава (21,75%) і разлічваюць, што грамадская думка звыкнецца з непазбежнасцю гэтай здзелкі. Яшчэ нядаўна ўсе абмяркоўвалі ўпэўненую заяву аднаго маскоўскага адваката аб тым, што здзелка неўзабаве адбудзецца - здзелка не адбылася. Зараз ідзе абмеркаванне інфармацыі ад нейкіх «ананімных» крыніц інфармагенцтва Bloomberg аб намеры Хоціных набыць 33% акцый «Уралкалію» - долю Керымава і яго партнёраў па бізнесе Філарэта Гальчава і Анатоля Скурава: я ўпэўнены, што гэтай здзелкі не будзе. Які «ўкід» праз які канал будзе заўтра - не так ужо важна. Важна іншае: у інфармацыйнай вайне Лукашэнкі і Керымава пакуль перамагае Керымаў і «Уралкалій». І камусьці ў Менску вельмі прыкра ад усведамлення таго, што так адбываецца. Але турбавацца трэба нават не пра гэта, а пра тое, як ідуць справы ў канкурэнта «Уралкалію» - беларускага дзяржаўнага прадпрыемства «Беларуськалій» - пра гэта павінна «галава балець» у менскіх таварышаў, а не пра тое, як напаскудзіць «асабістаму ворагу» Аляксандра Лукашэнкі».
«Керымава выстаўлялі ў дзяржаўных СМІ Беларусі «дагестанскім рэйдарам», які ў таго нешта «адціснуў», у гэтага нешта «прыхапіў» і г.д. Але вось што цікава: Керымаў не займаўся кіднэпінгам, не браў у закладнікі дырэктараў прадпрыемстваў канкурэнтаў і не патрабаваў выкуп за іх вызваленне», - сказаў эксперт.
Нагадаем, гендырэктар расейскай кампаніі «Уралкалій» Уладзіслаў Баўмгертнер быў арыштаваны 26 жніўня, прыбыўшы ў Менск па асабістым запрашэнні старшыні ўрада Беларусі Міхаіла Мясніковіча на перамовы аб будучыні БКК. Следчы камітэт Беларусі прад'явіў Баўмгертнеру абвінавачанне па ч. 3 арт. 324 КК Беларусі («Злоўжыванне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі»), паводле якога яму пагражала каля 10 гадоў пазбаўлення волі. Пазней Баўмгертнер быў абвінавачаны ў крадзяжы ў асабліва буйным памеры і нанясенні шкоды Расейскай Федэрацыі. Афіцыйны Менск ацаніў шкоду ад дзейнасці Баўмгертнера і іншых супрацоўнікаў «Уралкалію», якія дзейнічалі з ім у змове, у $100 млн. З мэтай кампенсацыі шкоды улады Беларусі заявілі пра намер дамагчыся арышту актываў «Уралкалію» ў рэспубліцы і за мяжой. ДзяржСМІ Беларусі таксама абвясцілі аб рашэнні Інтэрпола абвясціць саўладальніка «Уралкалію» Сулеймана Керымава ў міжнародны вышук, аднак арганізацыя абвергла дадзеныя паведамленні.
На думку Радава, пытанне аб вызваленні гендырэктара «Уралкалію», пераведзеннага са следчага ізалятара КДБ на менскую канспіратыўную кватэру і, які зараз змяшчаецца пад вартай, можа быць абмеркаванае ў кулуарах саміту СНД паміж расейскімі і беларускімі чыноўнікамі.