BE RU EN

Баўмгертнера вылучылі ў раду дырэктараў «Уралкалія»

  • 31.10.2013, 18:40

Арыштаваны ў Беларусі расейскі бізнэсмэн вылучаны ў раду дырэктараў кампаніі.

Пра гэта паведамляе прэс-служба «Уралкалія».

Рада дырэктараў вылучыла 11 кандыдатаў на абранне ў свой новы склад, у тым ліку генеральнага дырэктара Уладзіслава Баўмгертнера.

У раду дырэктараў намінаваныя таксама старшыня рады Аляксандр Валошын, яго намеснік і сузаснавальнік біяпаліўнай кампаніі Ensus Limited Роберт Джон Маргетс, старшыня рады дырэктараў Brunswick Rail Management Пол Джэймс Остлінг, незалежны дырэктар Гордан Холдэн Сэдж, кіруючы дырэктар «Нафта Масквы» Ганна Каланчына, а таксама кіруючы дырэктар гэтай жа кампаніі Антон Аверын, якія ўваходзяць у яе цяпер.

Новымі чальцамі рады могуць стаць кіраўнік рады дырэктараў «Нафта Масквы» і былы генеральны дырэктар «Уралкалія» Павел Грачоў, выконваючы абавязкі генеральнага дырэктара «Уралкалія» Віктар Белякоў і дырэктар у продажах і маркетынгу Алег Пятроў.

Уладзіслаў Баўмгертнер быў затрыманы 26 жніўня ў Менску. Следчы камітэт прад'явіў яму абвінавачанне паводле часткі 3 артыкула 424 (злоўжыванне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі) КК. Арышт выклікаў негатыўную рэакцыю расейскай стараны. Менск заклікаў не звязваць узбуджэнне крымінальнай справы з палітыкай і не прымешваць да гэтага пытання эмоцыі.

26 верасня Баўмгертнер быў пераведзены з СІЗА КДБ Беларусі пад хатні арышт, у цяперашні час ён знаходзіцца ў адной з кватэр Менска.

10 кастрычніка адвакаты гендырэктара «Уралкалія» абскардзілі яго хатні арышт.

На наступны дзень стала вядома, што Баўмгертнеру перакваліфікаваны артыкул абвінавачвання на «крадзеж». Пра гэта заявіў на прэс-канферэнцыі для расейскіх журналістаў у Менску Лукашэнка.

Фота: Ведамасці

Апошнія навіны