BE RU EN

Лукашэнка: Cамі вінаватыя ў дэвальвацыі

  • 8.10.2013, 16:07

Дыктатар папракнуў беларусаў за скупку валюты і выезд на шопінг за мяжу.

Пра гэта Лукашэнка заявіў падчас наведвання завода БелАЗ у Жодзіна, паведамляе яго прэс-служба.

«Вы крычыце: кошты вельмі высокія. Я пачынаю прэсаваць: давайце зніжаць. Гэта значыць, мы трымаем кошты на нізкім узроўні, а зарплату раздулі. Але мяне што больш за ўсё хвалюе? З'явіўся ў вас лішні беларускі рубель, куды вы пабеглі? У абменнікі скупляць валюту. І потым крычаць: а будзе дэвальвацыя ці не будзе?

Калі будзе дэвальвацыя - вы яе зробіце», - заявіў Лукашэнка, размаўляючы з работнікамі.

Ён закрануў таксама тэму, звязаную з вывазам людзьмі валюты за мяжу.

«Прэзідэнт сказаў, а мы ж едзем апранацца ў імпартную вопратку, таму што наша па якасці горш. Ды не пра гэта гаворка. Памежнікі дакладваюць, што некаторыя дзеячы па 700 разоў ездзяць туды і назад.

Што яны там робяць? Скупляюць валюту, якую мы зарабляем, вывозяць туды і прывозяць шмоткі. Так, Еўразвяз вам падкіне гэта танней, усё гэта смецце будзе за $3 млрд. скідаць», - сказаў Лукашэнка.

Кіраўнік зноў заявіў аб крызіснай сітуацыі ў сусветнай эканоміцы, пасля вырашэння якой Беларусь павінна будзе выглядаць годна.

«У цяжкі час мы не спыняліся. Мы жывем з рэальнага сектара эканомікі, а не нафты і газу. І калі крызіс скончыцца, мы будзем выглядаць прыстойна», - адзначыў ён.

Афіцыйныя эканамісты ўжо даўно заяўляюць пра неабходнасць дэвальвацыі беларускага рубля.

У прыватнасці, у пачатку верасня аб гэтым выказаліся спецыялісты Навукова-даследчага эканамічнага інстытута (НДЭІ) Міністэрства эканомікі.

Яшчэ некалькі месяцаў таму Лукашэнка абяцаў, што «ніякай дэвальвацыі не будзе», але падчас нядаўняга наведвання фестывалю работнікаў вёскі ў Жлобіне кіраўнік ужо не быў такі катэгарычны. У дэвальвацыі ён абвінаваціў апазіцыю і ўсіх жыхароў краіны.

Кіраўнік растлумачыў у сваім выступленні, што калі людзі будуць «з раніцы да вечара бегаць па абменных пунктах, скупляць валюту, калі суб'екты гаспадарання і банкі будуць спаць і бачыць, што дэвальвацыя пройдзе і нехта на гэтым выйграе, а нашы нягоднікі «свядомыя» народ будуць падаграваць і вы будзеце іх слухаць і бегчы ў абменнікі, вы самі прывядзеце да таго, што прыслабіце сваю нацвалюту».

«Нацбанк, вядома ж, умешваецца ў гэты працэс (курсаўтварэнне), каб зняць вострыя пікі», - працягнуў Лукашэнка, заўважыўшы пры гэтым, што ў гэтым годзе «мы пакуль на $150-200 млн валюты купілі больш, чым прадалі». «Але ў апошнія месяцы, я гляджу, наш народ пабег у абменныя пункты», - сказаў ён. «Будзе попыт вялікі на валюту - будзе абясцэньвацца беларускі рубель з усімі вынікаючымі адсюль наступствамі. Не будзе попыту - будзе спакойная сітуацыя», - папярэдзіў кіраўнік.

Апошнія навіны