BE RU EN

Леанід Злотнікаў: Верагоднасць абвальнай дэвальвацыі — 80%

  • 9.10.2013, 12:21

Жорсткая грашовая палітыка Нацыянальнага банка Беларусі не дасць вынікаў.

Пра гэта заявіў эканаміст Леанід Злотнікаў у інтэрв'ю польскаму выданню Obserwator Finansowy (пераклад - charter97.org).

- Вы сцвярджаеце, што дзеянні Нацбанка - гэта выключна гульня на час. Колькі будзе працягвацца такая сітуацыя?

- Пры тых дзеяннях, пра якія я кажу, экспарт імкліва падае, насельніцтва купляе больш імпартных прадуктаў. Калі ў мінулым годзе беларусы купілі 51% імпартных тэлевізараў, то ў гэтым годзе ўжо 81%. Тое ж самае мы можам назіраць і ў іншых групах тавараў. Эканоміка, якая і без таго неэфектыўная, губляе яшчэ больш, а экспарт найважнейшых беларускіх тавараў падае: трактароў - на 20%, грузавікоў - на 50%. І так адбываецца з-за палітыкі банка, пра якую мы гаворым. Але калі грошы будуць «таннымі», то іх хутка паглынуць стратныя прадпрыемствы, якія па маіх ацэнках складаюць палову ўсіх дзяржаўных прадпрыемстваў Беларусі.

- Колькі каштуе ўтрыманне стабільнасці беларускай эканомікі?

- Па маіх падліках атрымліваецца, што беларуская эканоміка ў сённяшняй сітуацыі павінна атрымліваць як мінімум мільярд даляраў штомесяц, інакш наступіць яе крах. Ужо цяпер можна сказаць, што фінансавы сектар Беларусі не мае такой сумы, што прыводзіць да памяншэння валютных рэзерваў. Пакуль што Нацбанк мае рэзервы, але яны памяншаюцца - з пачатку года яны зменшыліся на 5%. Каб справаздачы для Міжнароднага Валютнага Фонду выглядалі лепш, Нацбанк выкарыстоўвае схемы аднадзённых крэдытаў у камерцыйных банках.

Цвёрдыя актывы зменшыліся прыблізна на два мільярды даляраў, што вельмі рызыкоўна. Фінансавая сістэма можа функцыянаваць такім чынам, але ёй патрэбныя крэдыты, даходы ад банкаўскіх аперацый, непасрэдныя замежныя інвестыцыі, што азначае паступленне ўласных і чужых сродкаў. Сістэма, вядома, пратрымаецца яшчэ нейкі час, аднак мы бачым, што гэтыя патокі памяншаюцца, і гэта важна. Першы крызіс, з якім сутыкнуўся Нацбанк быў тады, калі насельніцтва кінулася ў абменнікі, пачало скупляць валюту і купіла каля мільярда даляраў. Але не толькі насельніцтва, а таксама замежныя прадпрымальнікі.

- Які ўплыў на фінансавы сектар Беларусі можа мець канфлікт вакол калійнага сектара, які назіраецца ў апошні час?

- Беларускай эканоміцы патрабуецца цяпер адзін мільярд даляраў кожны месяц. Паўстае пытанне, адкуль браць гэтыя грошы. Ужо ідуць размовы з нагоды атрымання ад Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС чарговага крэдыту ў памеры каля трох мільярдаў даляраў. А ад Расеі паступаюць канкрэтныя патрабаванні правядзення шырокай прыватызацыі асноўных прадпрыемстваў. Калі гэтага не адбудзецца, Беларусь не атрымае гэтага крэдыту. У выніку атрымліваецца замкнёнае кола, таму што калі беларуская эканоміка не атрымае неабходнага мільярда даляраў у месяц, яе крах будзе непазбежным.

- Як вы можаце ахарактарызаваць стан фінансавага сектара Беларусі?

- Будучыня беларускага фінансавага сектара вельмі няўпэўненая. Палітыка ўладаў застаецца нязменнай: рэформы не праводзяцца, прыватызацыя не ажыццяўляецца, таму я бачу паўтор 2011 года. Будзе дэвальвацыя, хуткі рост курсу даляра, інфляцыя, якая паглыне грошы насельніцтва, упадзе ўзровень жыцця. Балансаванне паміж чыстым прыбыткам і бюджэтнымі выдаткамі адаб'ецца, перш за ўсё, на падзенні ўзроўню жыцця. Баюся, што мы нават не паспеем атрымаць крэдыт ад Расеі. У Крамлі ўпэўненыя, што верагоднасць дэвальвацыі ў Беларусі складае 60% ужо ў канцы гэтага або ў пачатку наступнага года. Але я лічу, што гэта вельмі аптымістычны прагноз. Думаю, такая магчымасць складае каля 80%.

Апошнія навіны