BE RU EN

Беларусы не паслухалі Лукашэнку і пабеглі ў абменнікі

  • 9.10.2013, 18:52

Рэпартаж з пунктаў абмену валюты ў Гомелі.

Выступаючы 8 кастрычніка перад працоўнымі «БелАЗа» ў Жодзіна, Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз абвінаваціў беларусаў у дэвальвацыі нацыянальнай валюты: «З'явіўся ў вас лішні беларускі рубель, куды вы пабеглі? У абменнікі скупляць валюту. І потым крычаць: а будзе дэвальвацыя ці не будзе? Калі будзе дэвальвацыя - вы яе зробіце».

Чаму людзі не прыслухоўваюцца да парады Лукашэнкі і бягуць у абменнікі? Рэпартаж з пунктаў абмену валюты ў Гомелі.

Амерыканскі даляр каштаваў сёння ў абменніках банка «Масква-Менск», «Тэхнабанк» і некаторых іншых рэкордную за гэтую восень суму - 9160 беларускіх рублёў, еўра - 12 400. А прадавалі даляр, найбольш хадавую валюту, на 90-100 рублёў даражэй, паведамляе «Радыё Свабода».

Гамяльчанін Леанід мяркуе, што заява Лукашэнкі - гэта спроба перакласці на народ адказнасць за становішча спраў у эканоміцы і фінансах:

«Я думаю, што яго выказванне аб тым, што рубель слабее і насельніцтва ў гэтым вінаватае, няправільнае. Народ адчувае: не так нешта з нашай эканомікай, таму і купляе даляры. Бачыце, рубель наш з лета ў адносінах да даляра дзесьці на 500 рублікаў упаў. Вось людзі і рэагуюць. Я ўспамінаю 2002, 2003, 2004 гады, калі рубель наш стаяў стабільна, і ніхто тады асабліва і не дрыгаўся. У каго ёсць нейкія зберажэнні, той імкнецца іх трымаць у цвёрдай валюце».

Пенсіянер Віктар прыйшоў сёння з жонкай у філіял банка «Масква-Менск» таксама купіць валюту:

«Збіраем унуку свайму на школу - у першы клас пойдзе. Даляр ёсць даляр. А беларускі рубель - за ім нельга ўгнацца».

Суразмоўца кажа, што ягоны ўнук не едзе вучыцца за мяжу - пойдзе ў звычайную гомельскую школу. І каб сабраць яго, патрэбен будзе не адзін мільён. Вось і збіраюць дзядуля з бабуляй патроху на абноўку ўнуку і школьныя прыналежнасці. Сябе яны ніякім чынам не адчуваюць вінаватымі ў абясцэньванне беларускага рубля:

«Абсалютна не адчуваю, што я вінаваты ў дэвальвацыі. Я ж не кірую дзяржавай. На мой погляд, толькі эканоміка вінаватая, што рубель наш скача, як заяц. У тым годзе памятаеце, што было? Два курсы даляра! Дзе, у якой краіне гэта ёсць?»

На думку пенсіянера, Беларусь надзвычай слаба гандлюе з замежнымі краінамі, якія маюць валюту:

«Нашых тавараў на такіх рынках, як італійскі, нямецкі, французскі, няма. У нас які асноўны рынак збыту? Расея! А Расея, яна ўвесь час перашкоды чыніць - то з цукрам, то з малаком, то са свінінай, то з каліем, то яшчэ з нечым. Ну так пра што гаворка? Абвінавачванні абсалютна безгрунтоўныя».

Гамяльчанка Ірына не выключае, што попыт насельніцтва на валюту таксама трымае ў напрузе фінансавую сістэму краіны. Але людзям не застаецца выбару - аддаць свае зберажэнні, каб іх «з’ела» інфляцыя або зберагчы іх, набыўшы цвёрдую валюту:

«А што ім застаецца рабіць - людзям? У каго грошы ёсць, той купляе - больш выгадна валюту купляць».

Малады інжынер Аляксей, акрамя прычын, згаданых вышэй, падзення нацыянальнай валюты, называе яшчэ і неабгрунтаванае павышэнне заробкаў розным катэгорыям насельніцтва, у прыватнасці, дзяржслужачым, а таксама выдачу шматлікіх крэдытаў на самыя розныя патрэбы:

«Я думаю, што не людзі ў гэтым вінаватыя. Тая колькасць валюты, якую можа купіць народ, яна кантралюецца. Нельга ўсё валіць на людзей: вы скупілі даляры, таму мы дрэнна жывем. Гэта няправільна. Інфляцыя больш вінаватая. Эканамісты падлічылі, што калі ў краіне выдаюцца крэдыты пад вялікія адсоткі - прадаецца рубель, якога не існуе, - то рубель такім чынам сам абясцэньваецца. Гэта ва ўсім свеце даўно вядома. Пустыя грошы! У нас выдаюцца крэдыты пад 90 адсоткаў гадавых, на будоўлю жылля - пад 50-64 адсоткаў. Гэта нерэальныя крэдыты».

Яшчэ больш катэгарычны ў сваіх ацэнках адносна абясцэньвання рубля гамяльчанін Пётр:

«Гэта не беларусы - гэта наша кіраўніцтва вінаватае. Такі ўрад у нас! Нас жыццё прымушае бегаць у гэтыя абменнікі ! Народ баіцца, што абясцэніцца наш беларускі рубель, як гэта ўжо было два гады таму».

Нагадаем, што 23 траўня 2011 года нацыянальная валюта адносна даляра дэвальвавала на 56,3 адсотка - з 3150 рублёў да 4930 рублёў.

Увосень адбылася чарговая дэвальвацыя. На 11 лістапада 2011 года афіцыйны курс даляра складаў блізу 8850 рублёў. Падзенне нацыянальнай валюты з пачатку той вясны дасягнула амаль 290 адсоткаў.

Апошнія навіны