Работніцу бабруйскага завода ператварылі ў прыгонную
- 12.11.2013, 16:58
Наталля Іванова не можа звольніцца з заводу «ФанДАК» з прычыны «прыгоннага» дэкрэта Лукашэнкі.
Кантракт наборшчыцы пакетаў клеявога аддзялення заканчваецца 26 лістапада 2013 года. Начальства звальняць яе не жадае, спасылаючыся на праславуты дэкрэт беларускага кіраўніка, піша «Бобруйский курьер». У ім гаворыцца, што наймальнік мае права падаўжаць кантракт на час мадэрнізацыі прадпрыемства. Такім чынам, работніца да 2015 года фактычна стала прыгоннай.
Наталля Іванова назвала прычыну, па якой яна хоча звольніцца - праблемы з нагамі. Аднак генеральны дырэктар прадпрыемства Уладзімір Радзюкевіч у выпадку, калі жанчына не прадаставіць медыцынскую даведку, у якой паказваецца, што ёй проціпаказана працаваць на фанерным заводзе, распарадзіўся падоўжыць з ёй кантракт. У гэтым выпадку пасля звальнення ёй не давядзецца вяртаць заводу выплаты па дэкрэце - больш за тры мільёны рублёў.
Пры падтрымцы мясцовых спецыялістаў праваабарончай арганізацыі «Беларускі Хельсінкскі камітэт» жанчына напісала скаргу на імя губернатара Магілёўскай вобласці Пятра Рудніка. Адказ з аблвыканкама пакуль не прыйшоў.
Лукашэнка падпісаў Дэкрэт №9 сёмага снежня 2012 года пасля наведвання ААТ «Барысаўдрэў». Дакумент дазволіў накласці вета на звальненне работнікаў дрэваапрацоўкі на перыяд рэалізацыі інвестпраектаў у гэтай сферы. Пад дзеянне дэкрэта трапіла дзевяць прадпрыемстваў, супрацоўнікі якіх, з аднаго боку, не маюць права звальняцца без згоды наймальніка, з другога - атрымліваюць штомесячныя грашовыя выплаты да зарплаты.
Варта адзначыць, што «прыгонны» Дэкрэт уваходзіць у прамую супярэчнасць з нормамі Канстытуцыі і Працоўнага кодэкса, згодна з якім прымусовая праца ў Беларусі забароненая.