BE RU EN

Інтэрпол зоймецца Керымавым у снежні

  • 14.11.2013, 11:03

Канчатковае рашэнне аб абвяшчэнні ў міжнародны вышук члена Савета Федэрацыі Сулеймана Керымава будзе прынята ў пачатку снежня.

Пра гэта паведаміла «Інтэрфаксу» крыніца, знаёмая з сітуацыяй.

«У першых чыслах снежня пройдзе пасяджэнне «незалежнай камісіі па кантролі за файламі Інтэрпола», якая павінна вызначыць, ці адпавядаюць запыты беларускіх уладаў аб абвяшчэнні ў вышук Керымава і іншых статуту міжнароднай паліцэйскай арганізацыі», - сказаў суразмоўца агенцтва.

Ён нагадаў, што ў статуце Інтэрпола забароненае «любое ўмяшанне або дзейнасць палітычнага, ваеннага, рэлігійнага ці расавага характару». Па гэтых падставах арганізацыя нярэдка адмаўляецца абвяшчаць у міжнародны вышук абвінавачаных, калі бачыць у іх крымінальным пераследзе палітычныя і ці іншыя матывы.

Нагадаем, 11 верасня Інтэрпол пацвердзіў атрыманне запыту ад беларускіх уладаў аб унясенні ў «чырвоны спіс» (для абвяшчэння ў вышук і неадкладнага арышту - «ІФ») Керымава, а таксама чатырох топ-мэнэджэраў «Беларускай калійнай кампаніі».

Пры гэтым некаторыя крыніцы ў канцы верасня паведамлялі, што генеральны сакратарыят Інтэрпола заблакаваў санкцыю на вышук.

26 жніўня Следчы камітэт Беларусі заявіў пра раскрыццё злачыннай схемы ўзбагачэння мэнэджмэнту ЗАТ «Беларуская калійная кампанія» (БКК) на чале з гендырэктарам «Уралкалію» Уладзіславам Баўмгертнерам, які быў затрыманы ў аэрапорце Менска. Як сцвярджалі ў СК, Баўмгертнер і яшчэ некалькі топ-мэнэджэраў «Уралкалію» і БКК уступілі ў злачынную змову з мэтай абмежаваць доступ на рынак калійных угнаенняў беларускага партнёра «Уралкалію» – кампаніі «Беларуськалій». Па дадзеных беларускага боку, памер крадзяжу склаў каля $100 млн.

У пачатку верасня акцыянер «Уралкалію», член Савета Федэрацыі ад Дагестана Сулейман Керымаў таксама стаў фігурантам справы. Пасля гэтага ён быў абвешчаны ў міжнародны вышук па лініі Інтэрпола. Па версіі беларускіх следчых, Керымаў спрабаваў павялічыць долю ва «Уралкаліі» шляхам скупкі акцый, якія патаннелі пасля спынення партнёрства «Уралкалію» і «Беларуськалію». Дзеянні Керымава кваліфікаваныя беларускім следствам як арганізацыя злоўжывання ўладай і службовымі паўнамоцтвамі (п. 4 арт. 16 і ч. 3 арт. 424 КК Беларусі).

Пазней Лукашэнка заявіў, што Беларусь не закрые справу супраць Керымава, нягледзячы на тое, што бізнесмен прасіў прабачэння.

Паводле яго слоў, ён папярэджваў акцыянера «Уралкалію» праз уладальніка «Руснафты» Міхаіла Гуцарыева аб тым, што супраць яго ўзбудзяць справу, калі ён будзе замінаць працаваць «Беларуськалію».

Паводле слоў Лукашэнкі, Гуцарыеў прыехаў праз тыдзень і паведаміў, што Керымаў беларускага кіраўніка «паслаў».

Апошнія навіны