У ЕГУ зацверджаны Кодэкс паводзінаў
- 16.11.2013, 16:24
У Еўрапейскім гуманітарным універсітэце ўведзеная адказнасць за распаўсюджванне неабгрунтаванай інфармацыі аб працэсах, якія адбываюцца ва універсітэце.
Выкладчыкаў азнаёмілі з Кодэксам паводзінаў у ЕГУ, які зацверджаны загадам рэктара 14 лістапада, паведаміў БелаПАН прадстаўнік універсітэта, які пажадаў застацца неназваным. З ягоных слоў, выкладчыкі, з якімі палажэнні Кодэкса не абмяркоўваліся, атрымалі дакумент (на ангельскай і літоўскай мовах) 15 лістапада.
Нагадаем, 14 лістапада рэктар ЕГУ Анатоль Міхайлаў у афіцыйнай заяве прапанаваў правесці рэформы ў ВНУ з мэтай кансалідацыі супрацоўнікаў ВНУ і «стварэння пастаяннага ядра выкладчыкаў». Міхайлаў таксама заявіў, што ЕГУ не плануе адмовіцца ад «беларускага характару і накіраванасці ўніверсітэта».
Да гэтага выкладчыкі ЕГУ стварылі дэмакратычную платформу «За новы ЕГУ» для ўдзелу ў выбарах у сенат універсітэта, якія пройдуць 19 лістапада. Сярод іншага мэта дэмакратычнай платформы - зрабіць акадэмічнае самакіраванне базавым прынцыпам пры захаванні беларускага вэктару ў якасці прыярытэтнага для ўсіх сфер дзейнасці ўніверсітэта.
У зацверджаным Кодэксе паводзін адзначаецца, што яго з'яўленне звязана з неабходнасцю «прыстасаваць універсітэт да зменлівага асяроддзя» і дакумент прызначаны для падтрымання «высокіх этычных стандартаў ва ўніверсітэце».
Пры гэтым адзначаецца, што «ўніверсітэт шануе акадэмічную свабоду, лідарства, цэласнасць, сумленнасць і справядлівасць і імкнецца рэалізоўваць гэтыя каштоўнасці ў выкладчыцкай, даследчай і прадпрымальніцкай дзейнасці».
Дакумент мае на ўвазе, што чальцы супольнасці ЕГУ будуць паважліва ставіцца да асабістай інфармацыі, якая так ці інакш трапляе ў іх распараджэнне. Разам з тым падкрэсліваецца, што супрацоўнікі і студэнты нясуць адказнасць за ўсвядомлены распаўсюд «ілжывай, паклёпніцкай або якой-небудзь неабгрунтаванай інфармацыі аб працэсах, якія адбываюцца ва ўніверсітэце і ўніверсітэт можа распачаць законныя дзеянні ў дачыненні да гэтай асобы».
Адзначаецца, што ў ЕГУ недапушчальная дыскрымінацыя па прыкмеце расы, колеру скуры, веравызнання, нацыянальнасці, паходжання, палавой прыналежнасці, узросту, сэксуальнай арыентацыі, фізічнага або псіхічнага здароўя.
Прапісана, што універсітэцкія рэсурсы (інфармацыйная сістэма ўніверсітэта, тэлефонная сувязь, сістэма перадачы звестак і сеткавыя рэсурсы) могуць быць выкарыстаныя толькі для патрэб універсітэта, а не для асабістага ўзбагачэння.
Падкрэсліваецца, што выкананне нормаў кодэкса ўскладае адказнасць на супольнасць ЕГУ «за неданясенне да звестак адміністрацыі ЕГУ аб парушэннях зацверджаных стандартаў паводзінаў у кодэксе». Да парушальнікаў будуць прымяняцца дысцыплінарныя меры «аж да скасавання кантракту».
На просьбу пракаментаваць прыняцце Кодэкса паводзін дацэнт ЕГУ, кандыдат філасофскіх навук Андрэй Лаўрухін адзначыў, што з'яўленне гэтага дакумента з'яўляецца «адказам адміністрацыі на зварот выкладчыкаў да шырокай грамадскасці і імкненнем закруціць гайкі і заткнуць раты». Лаўрухін падкрэсліў, што роля беларускіх выкладчыкаў і беларускай мовы ў ЕГУ дэманструе і той факт, што Кодэкс напісаны на ангельскай і літоўскай мове.
«У адказ на спробу акадэмічнай супольнасці адстаяць адну акадэмічную каштоўнасць, акадэмічнае самакіраванне, адміністрацыя ЕГУ наважыла абмежаваць і іншую - нашу акадэмічную свабоду. Гэта ўжо крок да афіцыйнай версіі беларускай вышэйшай адукацыі», - сказаў Лаўрухін.
Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт быў адкрыты ў Менску ў 1992 годзе. У 2004 годзе беларускія ўлады, незадаволеныя самастойнасцю кіраўніцтва ЕГУ, яго імкненнем да незалежнасці, закрылі ВНУ. У 2005 годзе ЕГУ аднавіў працу ў Вільні ў статусе беларускага ўніверсітэта ў выгнанні. Асноўную частку студэнтаў ЕГУ складаюць беларусы.