BE RU EN

Непажаданы ў ЕЗ Мальцаў узначаліў Дзяржпагранкамітэт

  • 2.11.2013, 18:18

Лукашэнка прызначыў Леаніда Мальцава старшынём Дзяржпагранкамітэта.

Пра гэта паведамляе прэс-служба беларускага дыктатара.

Палкоўнік Аляксандр Баечка вызвалены ад пасады старшыні Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі і залічаны ў распараджэнне старшыні Дзяржпагранкамітэта.

Адпаведныя ўказы Лукашэнка падпісаў 2 лістапада.

Леанід Мальцаў раней займаў розныя пасады ў беларускім урадзе. 10 кастрычніка 1995 года ён быў прызначаны міністрам абароны. 1 лістапада 1996 указам Лукашэнкі №450 вызвалены ад пасады «за ўчынак, які дыскрэдытуе вайсковае званне афіцэра (з'яўленне ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане)».

Пасля Леанід Мальцаў займаў пасады першага намесніка начальніка Штаба каардынацыі вайсковага супрацоўніцтва дзяржаў - удзельніц СНД і намесніка Дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі.

У 2001 годзе ён зноў стаў міністрам абароны. Вайсковае ведамства Леанід Мальцаў на гэты раз узначальваў да 2009 года, калі яго прызначылі Дзяржаўным сакратаром Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь. На гэтай пасадзе ён неаднаразова выступаў з заявамі, у якіх утрымліваліся пагрозы на адрас як апазіцыі, так і заходніх краін.

Леанід Мальцаў уваходзіць у спіс больш, чым за 200 беларускіх чыноўнікаў і алігархаў, у дачыненні да якіх дзейнічаюць санкцыі Еўрапейскага Звязу праз удзел у рэпрэсіях. У «чорны спіс» ён быў унесены ў 2011 годзе.

Апошнія навіны