BE RU EN

Кіраўнік БДІПЧ АБСЕ: Алесь Бяляцкі павінен быць вызвалены

  • 26.11.2013, 15:43

Янэз Лянарчыч заклікаў беларускія ўлады неадкладна вызваліць палітзняволенага праваабаронцу.

Дырэктар Бюро АБСЕ па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) 25 лістапада нагадаў пра ранейшыя заклікі старшыняў АБСЕ аб вызваленні Алеся Бяляцкага, які быў прызнаны вінаватым ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у 2011 годзе, і далучыўся да іх, назваўшы яго справу парушэннем абавязацельстваў у рамках АБСЕ, піша ПЦ «Вясна».

Адзначыўшы, што ў нядзелю 24 лістапада, была другая гадавіна з моманту вынясення прысуду, Янэз Лянарчыч звярнуў асаблівую ўвагу на справу Бяляцкага, выказваючы заклапочанасць у сувязі з агульным становішчам праваабаронцаў у Беларусі.

«Злачынства, у якім Бяляцкі быў прызнаны вінаватым, з'явілася прамым вынікам забароны з боку ўладаў на працу яго арганізацыі па распаўсюджванні і абароне правоў чалавека ў Беларусі, - сказаў ён. - Беларусь узяла на сябе абавязацельствы паляпшаць, а не перашкаджаць магчымасцям НДА па садзейнічанні захаванню правоў чалавека і асноўных свабодаў. Але прысуд Бяляцкаму з'яўляецца вынікам менавіта такіх перашкод».

Алесь Бяляцкі, кіраўнік беларускага праваабарончага цэнтра «Вясна», быў асуджаны 24 лістапада 2011 года судом Першамайскага раёна Менска па абвінавачванні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і прысуджаны да чатырох з паловай гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыму і канфіскацыі маёмасці.

Абвінавачванні былі прад'яўленыя пасля таго, як беларускія ўлады некалькі разоў адмовілі «Вясне» ў перарэгістрацыі ў адпаведнасці з рашэннем Вярхоўнага суда ад 2003 года аб ліквідацыі арганізацыі. У 2007 годзе Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў гэтае рашэнне парушэннем права на свабоду асацыяцый.

Пазбаўленая рэгістрацыі, «Вясна» не магла адкрываць банкаўскія рахункі для фінансавання сваёй дзейнасці ў Беларусі, і таму Бяляцкі адкрыў асабісты рахунак за межамі краіны. Абвінавачванне ва ўхіленні ад выплаты падаткаў было заснавана на існаванні гэтых рахункаў.

Тагачасны міністр замежных спраў Літвы Аўдронюс Ажубаліс і міністр замежных спраў і гандлю Ірландыі Іман Гілмар распаўсюдзілі заклікі да неадкладнага вызвалення Алеся Бяляцкага, падчас старшынстваў сваіх краін у АБСЕ ў 2011 і 2012 гг. адпаведна.

«Ні абвінавачванні, ні прысуд не адбыліся б, калі б «Вясне» неаднаразова не адмаўлялі - у рэгістрацыі, а Бяляцкаму не адмаўлялі ў карыстанні яго фундаментальным правам на свабоду асацыяцый, - сказаў Лянарчыч. - Як і ўсе іншыя дзяржавы-удзельніцы АБСЕ, Беларусь узяла на сябе абавязацельства гарантаваць гэта права».

Апошнія навіны