Карл Більт: Лукашэнку ёсць пра што турбавацца
- 6.11.2013, 8:49
Міністр замежных спраў Швецыі па-ранейшаму лічыць Лукашэнку палітычным лузэрам.
Напярэдадні саміту «Усходняга партнёрства» ў Вільні Карл Більт даў інтэрв'ю «Радыё Свабода».
- Вы заявілі, што перад самітам ЕЗ у Вільні разам з Радаславам Сікорскім наведайце ўсе сталіцы краін-удзельніц «Усходняга партнёрства». Але вы не паехалі ў Менск. Чаму? Вас там не захацелі прыняць, ці вы самі вырашылі не ехаць?
- Тут было некалькі прычын. У канчатковым выніку мы з Радаславам Сікорскім вырашылі, што паедзем толькі ў тры сталіцы. А ў тры іншыя мы паслалі дырэктараў нашых палітычных дэпартаментаў. Так што дырэктары шведскага і польскага палітычных дэпартаментаў МЗС былі ў Менску.
- Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года ў Беларусі вы і некаторыя вашы калегі напісалі артыкул, у якім назвалі Лукашэнку «лузэрам». Гледзячы на гэта з перспектывы 2013 года, скажыце, што Лукашэнка сапраўды страціў? Ён жа па-ранейшаму мае ўсё, што трэба. Ці лічыце вы яго «лузэрам»?
- Гэта праўда, ён працягвае заставацца ва ўладзе. Але ў яго, мякка кажучы, складаныя адносіны з Еўразвязам. У яго даволі складаныя адносіны з Расеяй. Эканамічная і сацыяльная сітуацыя ў краіне, мякка кажучы, не паляпшаецца. Так што Беларусь, безумоўна, апынулася ў цяжкай сітуацыі, што тычыцца структуры міжнародных адносінаў. У мяне моцнае ўражанне, што ім у Менску будзе пра што турбавацца ў бліжэйшыя гады.
- Часам немагчыма ўстрымацца ад іроніі, гледзячы на «Усходняе партнёрства», на саміты якога запрашаюць спадара Аліева з Азербайджана, але не запрашаюць спадара Лукашэнку з Беларусі, хоць яны абодва парушаюць правы чалавека, чаго ўжо хаваць. У чым жа розніца паміж імі?
- Розніца ў тым, што Лукашэнка няволіць апазіцыю. Усе ключавыя фігуры беларускай апазіцыі былі пасаджаныя ў турму. Сітуацыю ў Азербайджане нельга назваць добрай, але яна адрозніваецца ад сітуацыі ў Беларусі ў гэтым сэнсе.