МЗС Фінляндыі: ЧС па хакеі нельга праводзіць у Беларусі
- 8.11.2013, 8:12
Беларускія ўлады выкарыстоўваюць міжнародны турнір для ўмацавання свайго ўплыву.
Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Фінляндыі Эркі Туоміоя, піша informing.ru. Ён лічыць, што турнір, правядзенне якога плануюць у Менску ў 2014 годзе, усё яшчэ можна перанесці ў іншую дзяржаву.
«Урады, якія парушаюць правы чалавека, не павінны мець магчымасць умацоўваць сваю рэпутацыю за кошт такіх важных спартыўных мерапрыемстваў», - заявіў Эркі Туоміоя.
З-за парушэння ўладамі Беларусі правоў чалавека і наяўнасці палітвязняў праваабаронцы і міжнародныя арганізацыі выступілі супраць арганізацыі спартыўнага мерапрыемства. Ідэю пераносу турніру падтрымалі многія еўрапейскія і амерыканскія палітыкі. Некаторыя краіны ўжо прыгразілі байкатаваць чэмпіянат у выпадку яго правядзення ў Менску з-за рэпрэсій, якія ажыццяўляюць беларускія ўлады.
Нядаўна стала вядома, што беларускія ўлады маюць намер прыцягнуць Інтэрпол для барацьбы з «хуліганамі» падчас спартыўных мерапрыемстваў. Дамоўленасць пра гэта была дасягнутая падчас сустрэчы міністра ўнутраных спраў Беларусі Ігара Шуневіча і кіраўніцтва міжнароднай паліцэйскай арганізацыі. Улады нашай краіны рэгулярна выкарыстоўваюць ілжывыя абвінавачванні ў хуліганстве для таго, каб адпраўляць за краты актывістаў апазіцыі. Асабліва часта такую тактыку ўжываюць напярэдадні або падчас правядзення масавых мерапрыемстваў.
Раней Лукашэнка выдаў указ аб тым, што пісаць пра Чэмпіянат свету, правядзенне якога запланавана ў Беларусі, змогуць не ўсе. «Журналісты, якія не асвятлялі хакей або спорт, акрэдытоўвацца не будуць», - растлумачыў яго сутнасць мэнэджэр дырэкцыі па правядзенні чэмпіянату Пётр Рабухін.
Праваабаронцы і міжнародныя арганізацыі выступаюць супраць правядзення ЧС у Беларусі з-за рэпрэсій, якія ўлады краіны праводзяць супраць актывістаў апазіцыі.