Барыс Жаліба: «Эканоміка стаіць на парозе вострай фазы крызісу»
- 9.11.2013, 10:12
Натуральна, Лукашэнка і ўрад нервуюцца.
Доктар эканамічных навук прафесар Барыс Жаліба ў каментары «Салідарнасці» патлумачыў, чаму пазбавіліся сваіх пасадаў высокапастаўленыя чыноўнікі.
Андрэй Тур, які вучыў краіну жыць па сродках, і кіраўнік «Беллеспаперапрама» Аляксандр Пераслаўцаў пасля пятнічнага візіту Лукашэнкі на «Барысаўдрэў» сталі беспрацоўнымі. А «чалавек прэзідэнта» Барыс Батура больш не кіраўнік Менаблвыканкама. «Цяпер надзену кайданкі і пойдзеце ў камеру», - паабяцаў Лукашэнка.
Афіцыйна агучана, што нагодай для жорсткіх пастаноў дыктатара стала невыкананне яго даручэнняў у мадэрнізацыі ААТ «Барысаўдрэў». Аднак эканаміст Барыс Жаліба мяркуе, што нервовая рэакцыя Лукашэнкі выкліканая не толькі гэтым.
- Наша эканоміка стаіць на парозе вострай фазы крызісу. Мы ідзем след у след той жа сцяжынкай, якая была перад валютным крызісам 2011 года, - адзначае аналітык. - Адбылося крытычнае памяншэнне золата валютных рэзерваў. Ідзе паскораная дэвальвацыя рубля, і ёсць небяспека, што яна пяройдзе ў абвальную фазу. Натуральна, Лукашэнка і ўрад нервуюцца. І стрымаць крызіс не ў стане. Нас можа выратаваць толькі знешні крэдыт мільярды на тры даляраў - не менш. Яго можа даць толькі Расея. З Масквой размоў на гэтую тэму пакуль не было, ды і стасункі цяпер не вельмі ладзяцца. Я думаю, усё гэта стварае нервовую абстаноўку ў вярхах. Адсюль і такія эмацыйныя крокі.
Барыс Жаліба не здзіўлены чарговай зменай кіраўніцтва канцэрна «Беллеспаперапрам» і мяркуе, што гэты раз - не апошні.
На думку аналітыка, Андрэя Тура зменіць Кірыл Руды, якога ў чэрвені Лукашэнка прызначыў сваім памочнікам у эканоміцы.
- Руды нядаўна паспяхова абараніў доктарскую. Гэта малады спецыяліст, што падае надзеі, які раней працаваў у пасольстве Кітая.
Прычыны адстаўкі Барыса Батуры не такія зразумелыя. Гэта быў чалавек Лукашэнкі, які доўгі час працаваў на высокіх пасадах.
Барыс Жаліба не можа прагназаваць далейшае развіццё падзей.
- Зразумела, што КДК праверыць і знойдзе шмат недапрацовак і памылак, вызначыць вінаватых. Можа, яшчэ нехта з канцэрна паляціць з пасады. Думаю, у самых вярхах адставак не будзе.
Нагадаем, год таму Лукашэнка даручыў поўнасцю завяршыць мадэрнізацыю прадпрыемства да 7 лістапада 2013 года. «Давайце дамовімся наконт тэрмінаў - 7 лiстапада будучага года тут павінна быць «цукерка», - сказаў Лукашэнка. Сёння замест «цукеркі» ён убачыў бруд і многім тут жа прыйшлося не соладка.