Начны ператрус у Мікалая Статкевіча
- 1.12.2013, 11:49
Пасля працяглага перапынку Марына Адамовіч атрымала адразу два лісты ад свайго мужа.
З гэтых лістоў жонка Мікалая Статкевіча даведалася пра новыя спробы ціску на палітвязня, паведамляе «Радыё Свабода».
«У аўторак адвакат сказаў мне, што яму тут паведамілі аб маім нібыта намеры падаць кучу скаргаў. Я сказаў адвакату, што сапраўды такі намер быў, бо на працягу паўтара месяца якасць харчавання значна пагоршылася, але што я паспрабаваў гэтую праблему вырашыць без скандалаў і, хоць і вельмі павольна,але, як быццам пытанне развязалася. Таму ніякіх скаргаў пісаць ужо не збіраюся. Але, мабыць у знак падзякі за гэта, у той жа дзень ноччу, упершыню на маёй памяці тут, у камеры быў праведзены вельмі працяглы, на паўтары гадзіны, ператрус. А сёння на вячэру зноў далі вараную смярдзючую кільку, ад якой, мабыць, жывёлагадоўчыя фермы адмовіліся. Па-чалавечы тут немагчыма», - напісаў Мікалай Статкевіч.
У другім лісце палітвязень выказаўся з нагоды слоў міністра замежных спраў Уладзіміра Макея адносна арыштаваных за Плошчу, сказаных у нядаўнім інтэрв'ю польскаму выданню.
«Там ён казаў пра людзей, якія, цытую, «былі арыштаваныя за спробу штурму Дома ўрада» і цяпер не хочуць напісаць прашэнне аб памілаванні, каб выйсці на волю. Але з такіх асоб у зняволенні застаўся адзін я, а астатнія палітвязні сядзяць паводле іншых прычын. Атрымліваецца, што афіцыйныя асобы называюць мяне ў множным ліку. Аднак гэта мяне не здзіўляе. Нездарма ж гэты называў мяне ворагам дзяржавы нумар адзін», - піша ён.
Мікалай Статкевіч быў адным з кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах у 2010 годзе. Яго арыштавалі пасля масавай дэманстрацыі пратэсту супраць фальсіфікацый прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года. Тады былі арыштаваныя больш за 700 удзельнікаў акцыі пратэсту, у тым ліку кандыдаты ў прэзідэнты Андрэй Саннікаў, Уладзімір Някляеў, Алеся Міхалевіч і чальцы іх выбарчых штабоў.
26 траўня 2011 года палітык быў асуджаны судом Партызанскага раёна Менска да 6 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. У мінулым годзе ўмовы адбыцця пакарання былі змененыя на больш жорсткія. Яго перавялі з калоніі №17 у Шклове ў турму №4 Магілёва.
Адзін з апошніх лістоў палітыка з турмы быў канфіскаваны пракуратурай. Як стала вядома пазней, у ім палітык паведамляў пра тое, што палітычным зняволеным за кратамі пагражалі згвалтаваннем.