Верка Сярдзючка: Зрабіла б з «Беркута» Паветкіна (Відэа)
- 10.12.2013, 10:03
Вядомая артыстка выказалася ў падтрымку ўдзельнікаў Еўрамайдана.
Задаць Верцы Сярдзючцы самае актуальнае на сённяшні дзень пытанне журналістам удалося падчас маскоўскага канцэрту «Песня года 2013». Артыстка вельмі эмацыйна пракаментавала сітуацыю, якая склалася ў яе роднай краіне, у прыватнасці жорсткае збіццё мірных мітынгоўцаў на Майдане, піша viva.ua.
«Наогул я не ўмешваюся ў палітычную сітуацыю, - заявіла Сярдзючка. - Але я б пазабівала іх! Паздымала б маскі і паглядзела! Гэта асабістая справа кожнага - хто за, хто супраць, тут справа ў іншым. Зорцы ніколі нельга выказваць сваю пазіцыю. Мы не на Захадзе. Калі б я жыла на Захадзе, я б ужо такое сказала! Але я ўжо раз спела «Lasha Tumbai»...
Калі б я дзесьці выступіла, - у тым лагеры, або ў гэтым, - мяне б знішчылі. Але тыя людзі, якія стаяць на Майдане, - вялікія малайцы. Студэнты выйшлі на мірную дэманстрацыю на Майдан, і тут гэтыя дзядзькі з палкамі... Што такое, у чым справа?! Я б у морду ўчапілася! Я не Клічко, але я б зрабіла з іх Паветкіна! Я за студэнтаў!»
Да каго варта далучыцца Украіне - Еўразвяза або Мытнага саюза, Верка Сярдзючка сцвярджаць не бярэцца.
«Я не магу выбіраць, я голуб свету! Вы што, з глузду з’ехалі? Я ўсюды езджу, зарабляю грошы, як я магу нешта сказаць?» - адзначыла зорка.
Нагадаем, учора ўвечары спецпадраздзяленні ўкраінскай міліцыі і ўнутраныя войскі, якія былі папярэдне сцягнутыя ў цэнтр сталіцы Украіны і акружылі пратэстоўцаў, пачалі сціскаць кола вакол Майдана Незалежнасці. Дэманстрантаў выціснулі з урадавага квартала. Сілавікі разграмілі офіс партыі «Батькивщина» і рэдакцыі шэрагу незалежных СМІ.
Нягледзячы на тое, што міліцыі ўдалося разабраць частку барыкад ў цэнтры горада, многія блок-пасты апазіцыі ўдалося адстаяць. Заняць іх у сілавікоў атрымалася толькі позняй ноччу. Некалькі тысяч актывістаў засталіся на Майдане Незалежнасці і ў будынку кіеўскага гарсавету.