Януковіч звольніў мэра Кіева
- 14.12.2013, 16:58
Прэзідэнт Украіны адхіліў ад пасад двух чыноўнікаў за разгон Еўрамайдана.
Гаворка ідзе пра намесніка сакратара Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Уладзіміра Сіўковіча і старшыню Кіеўскай гарадской дзяржаўнай адміністрацыі Аляксандра Папова ў сувязі з хадайніцтвам Генеральнай пракуратуры Украіны паводле падазрэнняў у датычнасці названых службовых асоб да парушэння канстытуцыйных правоў грамадзян, якія 30 лістапада 2013 года знаходзіліся на Майдане Незалежнасці ў Кіеве.
«Прэзідэнт спадзяецца, што Генеральная пракуратура аб'ектыўна і ўсебакова правядзе расследаванне гэтых падзей і прапануе грамадству канкрэтныя юрыдычныя меры рэагавання на дапушчаныя супрацьпраўныя дзеянні», - гаворыцца ў паведамленні, апублікаваным прэс-службай Віктара Януковіча.
Прэзідэнт Украіны таксама прапануе праваахоўным органам правесці расследаванне адкрыта і празрыста і паставіць кропку ў гэтым пытанні. Ён звяртае ўвагу, што ні для якіх службовых асобаў дзяржавы не павінна быць выключэнняў ў пытаннях адказнасці за ўчыненне незаконных дзеянняў.
Нагадаем, у цэнтры Кіева ўжо больш за тры тыдні працягваецца бестэрміновая акцыя прыхільнікаў еўраінтэграцыі Украіны. Адным з галоўных патрабаванняў яе ўдзельнікаў стала адстаўка ўрада і правядзенне датэрміновых выбараў. 15 снежня на 12:00 запланавана чарговае Народнае Веча на Майдане Незалежнасці.
Фота: Рыгор Васіленка / РИА Новости