Наталля Пінчук: Не веру заявам Лукашэнкі
- 16.12.2013, 19:31
Нармалізацыя кантактаў ЕЗ з беларускім рэжымам магчымая толькі пасля вызвалення і рэабілітацыі палітвязняў.
Такое меркаванне сайту charter97.org выказала жонка палітвязня Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук, каментуючы заяву Лукашэнкі пра гатоўнасць да нармалізацыі стасункаў з ЕЗ.
«Асабіста я ніякім заявам і намерам Лукашэнкі не веру, бо да сённяшняга дня палітвязні знаходзяцца ў турмах. Па-другое, калі і ёсць такая ахвота, то толькі пасля фактычных крокаў можна будзе меркаваць аб тым, ці сапраўдныя гэтая намеры ці ж гэта жаданне нейкім чынам уцягвацца ў дыялог і развязваць нейкія ўласныя праблемы», - падкрэсліла яна.
Жонка палітычнага вязня таксама мяркуе, што зняцце санкцый з Уладзіміра Макея было памылковым крокам.
«Я думаю, што палітыка Захаду ў дачыненні да сённяшняга беларускага рэжыму павінна быць прынцыповай, а Еўразвяз і ЗША павінны намагаць таго, каб адна з найважнейшых умоў, звязаная з вызваленнем і рэабілітацыяй палітвязняў, была абавязкова выкананая. І толькі пасля яе выканання могуць быць нейкія кантакты з беларускімі ўладамі», - перакананая Наталля Пінчук.
Нагадаем, прымаючы сёння даверчыя лісты ў амбасадараў замежных дзяржаў, у тым ліку еўрапейскіх, беларускі дыктатар заявіў, што Беларусь гатовая «на ўсялякія захады для нармалізацыі стасункаў з ЕЗ».