Набіл Раджаб напісаў ліст Алесю Бяляцкаму
- 18.12.2013, 12:50
Праваабаронца і палітвязень з Бахрэйна Набіл Раджаб напісаў ліст свайму калегу.
Набіл Раджаб (на фота), кіраўнік Бахрэйнскага Цэнтра правоў чалавека і намеснік Генеральнага сакратара Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека (FIDH), які знаходзіцца ў зняволенні ў Бахрэйне, напісаў ліст свайму беларускаму калегу па Міжнародным праўленні FIDH, палітвязню Алесю Бяляцкаму, паведамляе ПЦ «Вясна».
«Мой калега, мой сябар, мой дарагі брат Алесь!
Я, Набіл Раджаб, пішу табе з турмы ў Бахрэйне. Я ведаю, што такі выдатны чалавек, як ты, знаходзіцца цяпер у зняволенні, таму што адмаўляешся жыць у несправядлівым свеце. Гэта так сумна, што ўсіх людзей у Беларусі пакаралі, забраўшы цябе ў іх. Бо ты частка народа сваёй краіны, ты жывеш, змагаючыся за іх правы, змагаючыся за іх свабоду, ты шукаеш для іх справядлівасць.
Часам мне хочацца крычаць тваё імя ў маёй маленькай камеры, а часам я сціскаю рукі ад пачуцця ўласнай немачы, таму што замест гэтага я павінен быў бы зараз калясіць па свеце, усімі сіламі дамагаючыся твайго вызвалення.
Але я ўпэўнены, мы абодва выйдзем на волю, выйдзем больш моцнымі, чым былі да гэтага, і працягнем разам наш шлях - да свабоды, дэмакратыі і сацыяльнай роўнасці для ўсіх і ўсюды.
З любоўю і падзякай, Набіл Раджаб», - гаворыцца ў лісце.
Набіл Раджаб адбывае пакаранне ў турме ў Бахрэйне. За сваю праваабарончую дзейнасць ён быў асуджаны на два гады пазбаўлення волі.
Нагадаем, Алесь Бяляцкі адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі №2 Бабруйска па прысудзе суда. 24 лістапада 2011 года суд прызнаў яго вінаватым ва ўтойванні даходаў у асабліва буйным памеры і прыгаварыў да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Падставай для крымінальнага пераследу Бяляцкага стала наяўнасць у яго рахункаў у банках Літвы і Польшчы. Суд не ўлічыў, што грошы, якія паступаюць на іх, выкарыстоўваліся для праваабарончай дзейнасці.