Барыс Нямцоў: Януковіч возьме грошы ў Пуціна і пойдзе ў ЕЗ
- 18.12.2013, 20:24
Прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч ашукае прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна і падпіша Пагадненне з Еўропай, мяркуе палітык.
Такое меркаванне былы віцэ-прэм'ер РФ, дэпутат Яраслаўскай абласной думы Барыс Нямцоў выказаў, камэнтуючы падпісанне 17 снежня ўкраінска-расейскіх дамоўленасцяў на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку».
«Усе дамоўленасці часовыя. У выпадку падпісання Украінай дамовы аб асацыяцыі, яны будуць скасаваныя. Украіна ўсё адно падпіша дамову з Еўропай. Выснова: Пуцін дапамагае Януковічу быць абраным і дае яму на выбары $ 15 млрд (па 100 баксаў з кожнага з нас). Януковіч падмане. Грошы возьме і сыдзе ў Еўропу. І хто ў гэтай гісторыі цяльпук?» - напісаў Нямцоў.
Палітык нагадаў, што ў выніку візіту Віктара Януковіча Украіна будзе атрымліваць газ еўрапейскім коштам $ 268, і Расея купіць украінскіх еўрабондаў на $ 15 млрд.
«Грошы Уладзімір Пуцін возьме з святога Фонду нацыянальнага дабрабыту. Гэта пенсійныя рэзэрвы на выпадак зніжэння кошту нафты. Замест укладанняў у ліквідныя актывы, Пуцін раздае гэтыя грошы алігархам (падчас крызісу 2008) і ўладальніку футрасховішча Якуніну на дарогу Масква-Казань. Агулам у фондзе $ 90 млрд. Усе будуць прамантачаныя», - упэўнены Барыс Нямцоў.
Раней паведамлялася аб тым, што 17 снежня ў Маскве прайшло пасяджэнне ўкраінска-расейскай міждзяржаўнай камісіі пад старшынствам прэзідэнтаў Віктара Януковіча і Уладзіміра Пуціна, у выніку якога «Газпром» і «Нафтагаз» падпісалі дадатак да кантракту, які прадугледжвае зніжэнне кошту расійскага газу да $ 268, 5 за тысячу кубаметраў, піша newsru.ua.
Акрамя таго, у выніку пасяджэння дзяржкамісіі была прынятая пастанова аб выдачы $ 15 мільярдаў на куплю еўрааблігацый Украіны. Таксама быў падпісаны шэраг міждзяржаўных пагадненняў.