Пуцін патлумачыў дапамогу Украіне «роднаснымі сувязямі»
- 19.12.2013, 11:37
Расея прадаставіла шматмільярдную дапамогу Украіне, паколькі гэтыя дзве краіны «звязваюць блізкія, роднасныя адносіны».
Пра гэта заявіў прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін падчас вялікай прэс-канферэнцыі 19 снежня, піша Lenta.ru.
Пуцін дадаў, што прадастаўленне зніжкі па кошту на газ Кіеву з'яўляецца прагматычным рашэннем з улікам цяжкага становішча, у якім апынулася ўкраінская эканоміка. Ён нагадаў, што «Газпрам» ужо не раз падаваў «Нафтагазу Украіны» адтэрміноўку па аплаце газавых паставак.
Прэзідэнт Расеі таксама адзначыў, што ў выпадку асацыяцыі з Еўразвязам Украіна «ператворыцца ў сельскагаспадарчы прыдатак».
«Прычым прыдаткі бываюць розныя: здаровыя і не вельмі», - зазначыў Пуцін. Паводле яго слоў, Расея не супраць асацыяцыі Кіева з ЕЗ, але будзе абараняць сваю эканоміку.
Нагадаем, 17 снежня стала вядома, што Украіне выдзяляць крэдыт шляхам куплі яе еўрабондаў на $15 млрд і знізяць кошт на расейскі газ у паўтара раза. Такія вынікі перамоваў прэзідэнтаў Віктара Януковіча і Уладзіміра Пуціна.