BE RU EN

Саўмін настойвае на падаражанні «камуналкі»

  • 26.12.2013, 10:47

Урад Беларусі запланаваў ліквідацыю «коштавых дыспрапорцый без зніжэння пакупніцкай здольнасці насельніцтва».

Пра гэта гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Саўміна Беларусі.

«У пачатку наступнага года Савет міністраў разгледзіць падрыхтаваныя міністэрствам эканомікі прапановы аб павышэнні пакупніцкай здольнасці насельніцтва ва ўмовах паступовай ліквідацыі коштавых дыспрапорцый у эканоміцы. Плануемае паступовае павелічэнне коштаў (тарыфаў) на жыллёва-камунальныя паслугі для насельніцтва не перавысіць тэмпаў росту заработнай платы, якія фактычна склаліся, і не знізіць яго пакупніцкую здольнасць», - гаворыцца ў паведамленні.

«Аднак ліквідацыя коштавых дыспрапорцый дазволіць знізіць нагрузку на рэальны сектар эканомікі, што павялічыць канкурэнтаздольнасць беларускіх прадпрыемстваў», - гаворыцца ў паведамленні ўрада.

Там таксама прыводзяцца дадзеныя, у адпаведнасці з якімі ў цяперашні час насельніцтва Беларусі плаціць менш, чым прадпрыемствы, за электраэнергію ў 2,2 разы (6,11 цэнта ЗША за 1 кВт), за прыродны газ - у 2,7 разы ($84,9 за 1 тыс. куб.м). «У той жа час у еўрапейскіх краінах сітуацыя зваротная. Так, жыхары суседняй Літвы плацяць 18,09 цэнта ЗША за 1 кВт электраэнергіі, што на 8,5% больш, чым прамысловыя спажыўцы. Жыхары Польшчы - 27,33 цэнта, або ў 2,8 разы больш. Нават у Расейскай Федэрацыі (Смаленск) тарыф на электраэнергію для насельніцтва практычна роўны тарыфу для прамысловых прадпрыемстваў (9,6 цэнта, або на 4% менш)», - адзначаюць у Саўміне.

«Разам з тым, з улікам «кошту жыцця» заработная плата і ў цэлым даходы насельніцтва ў Беларусі параўнальныя з суседнімі краінамі», - сцвярджаюць ва ўрадзе. У паведамленні адзначаецца, што ў 2012 годзе заработная плата па парытэту пакупніцкай здольнасці ў Беларусі склала $1008 у Расейскай Федэрацыі - $1071, ва Украіне - $723, у Польшчы - $1086, у Літве - $1312.

«Пры гэтым доля расходаў на аплату жыллёва-камунальных паслуг у спажывецкіх выдатках сям'і ў Беларусі значна ніжэйшая, чым у сумежных краінах. У трэцім квартале 2013 года яна склала 3,5%. Для параўнання: у Літве - 10,5%, Расейскай Федэрацыі - 11,5%, Украіне - 10,9%», - паведамляе прэс-служба.

Апошнія навіны