Палітвязня Яроменка перавезлі ў Баранавічы
- 28.12.2013, 16:22
Уладзімір Яроменак дастаўлены ў арыштны дом у Баранавічах.
Лістоў ад яго яшчэ не было, але звесткі пра этап пацвердзілі ў міліцыі, паведамляе «Радыё Свабода».
«У лісце, адпраўленым у панядзелак, ён напісаў, што рыхтуецца спіс на этап, які хутка пойдзе ў арыштны дом. А ўчора, у пятніцу, я патэлефанавала ў Баранавічы, мне сказалі, што ён ужо там», - сказала жонка палітвязня.
Нагадаем, у жніўні суд пастанавіў пакараць моладзевага актывіста Уладзіміра Яроменка 3 месяцамі арышту паводле абвінавачвання ў парушэнні прэвентыўнага нагляду.
Ён быў фігурантам крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Менску 19 снежня 2010 года. Яго прысудзілі да трох гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, але ў жніўні 2011 года Яроменак быў вызвалены на падставе ўказа дыктатара аб памілаванні. Над ім усталявалі прэвентыўны нагляд, пасля чаго Яроменак трапляў у суд двойчы. 27 красавіка 2012 яго асудзілі на сем сутак адміністрацыйнага арышту за дробнае хуліганства, а 24 студзеня 2013 года - на 12 сутак арышту за парушэнне ўмоў прэвентыўнага нагляду.
Неабходна адзначыць, што на гэты момант прэвентыўны нагляд, за парушэнне якога Яроменка прысудзілі да трохмесячнага арышту, ужо зняты. Разам з тым былы палітвязень застаецца пад прафілактычным наглядам - гэта азначае, што ён можа пакідаць месца жыхарства і нават выязджаць за мяжу, але пры адсутнасці больш за месяц павінен папярэджваць інспектара.