Палітвязня Пракапенку пазбавілі спаткання
- 28.12.2013, 19:50
Прычына скасавання доўгатэрміновага спаткання невядомая.
У камеры Арцёма Пракапенкі ў Магілёўскай калоніі №15 перабоі з ацяпленнем. Пра гэта сайту charter97.org паведаміў ягоны бацька Анатоль Пракапенка.
«Ніякіх асабліва добрых навінаў ад сына няма. Ён захварэў, але цяпер яму ўжо лепш. Мы яму адправілі пасылку з адзеннем, бо ён проста застыў праз дрэннае ацяплення ў турме», - сказаў бацька палітычнага вязня.
Анатоль Пракапенка адзначыў, што чарговае спатканне з сынам будзе не хутка.
«Чарговая сустрэча павінна быць толькі праз два месяцы. Доўгатэрміновае спатканне павінна было быць цяпер, але Арцёма яго пазбавілі. За што - не вядома», - падкрэсліў ён.
Нагадаем, Арцём Пракапенка быў асуджаны разам з Яўгенам Васьковічам і Паўлам Сырамолатавым на сем гадоў зняволення за спробу падпалу дзвярэй Бабруйскага аддзялення КДБ. У верасні мінулага года Павел Сырамалотаў выйшаў на волю, напісаўшы прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі. Арцём Пракапенка і Яўген Васьковіч адмаўляюцца гэтага рабіць.