Радыёперахоп перамоваў «Беркута» (Аудыё)
- 5.12.2013, 16:34
З перамоваў супрацоўнікаў спецпадраздзялення вынікае, што ўлады Украіны загадзя рыхтавалі разгон Еўрамайдана.
Пра гэта ў сваім блогу на сайце «Украинская правда» піша дэпутат ад «Батькивщины» Анатоль Грыцэнка.
«Гэтай ноччу мне перадалі запісы радыёабмену камандзіраў «Беркута» падчас начнога штурму Майдана 30 лістапада. З радыёабмену ясна, што гэта быў загадзя спланаваны напад, з выразнай каардынацыяй дзеянняў асобных груп спецпадраздзялення», - напісаў ён.
«Каманды, даклады, характэрныя галасы - усё гэта можа дапамагчы следству ўзнавіць карціну злачынства, вызначыць пайменна кіраўнікоў і асобных выканаўцаў злачыннага загаду, - дадаў ён. - Запісы мной перададзеныя розным людзям для захавання ў розных месцах. Пра факт іх атрымання я адразу ж паведаміў: з трыбуны Майдана, каля 2:30 ночы».
Ён паведаміў, што ў чацвер мае намер перадаць запісы ў Генпракуратуру.
«Я таксама не маю даверу да цяперашняй Генеральнай пракуратуры, але заўтра ўсё ж афіцыйна пашлю Віктару Пшонку копію гэтых файлаў. Магчыма, яны ў яго ёсць, не ведаю. Захоча - выкарыстае ў ходзе следства. Хоць я ўпэўнены, следства аб'ектыўным цяпер не будзе (ключавое слова «цяпер»). Чаму? Таму што загад «Беркуту» аддавалі зверху. З высокай гары», - адзначыў Грыцэнка.
Акцыі пратэсту супраць зрыву еўраінтэграцыі праходзяць ва Украіне другі тыдзень. Актыўны ўдзел у іх бяруць і прадстаўнікі беларускіх апазіцыйных арганізацый. Пратэсты набылі масавы і бесперапынны характар пасля 30 лістапада, калі «Беркут» сілай зачысціў Майдан Незалежнасці ад мітынгоўцаў.
Ужо днём 30 лістапада тысячы ўкраінцаў самаарганізаваліся і выйшлі на Міхайлаўскую плошчу, каб выказаць свой пратэст супраць сілавога разгону мірнага мітынгу.
1 снежня ў Кіеве адбылося Народнае веча, арганізаванае апазіцыяй, на якое выйшла некалькі соцень тысяч чалавек. Пазней пратэстоўцы занялі частку будынка Кіеўскай гарадской адміністрацыі і Дом прафсаюзаў. У той жа дзень на вуліцы Банкавай каля адміністрацыі прэзідэнта адбылася сутычка паміж сілавікамі і невядомымі правакатарамі.
Пазаўчора Вярхоўнай Радзе Украіны не ўдалося адправіць у адстаўку ўрад, як таго патрабавала апазіцыя. У адказ дэманстранты заблакавалі яшчэ шэраг дзяржаўных устаноў, у тым ліку, рэзідэнцыю Януковіча.