Расейскія знішчальнікі прызямліліся ў Баранавічах
- 8.12.2013, 15:49
Звяно з чатырох расейскіх Су-27 прызямлілася на аэрадроме 61-й знішчальнай авіябазы ў Баранавічах.
Разам з імі з Расеі ў Беларусь быў перабазіраваны і тэхнічны персанал, піша БелаПАН.
У Мінабароны пакуль не каментуюць прыбыццё расейскіх знішчальнікаў.
Нагадаем, 23 красавіка гэтага года міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу, знаходзячыся з візітам у Менску, паведаміў аб планах Расеі размясціць на тэрыторыі Беларусі да 2015 года знішчальны авіяполк. Тады ён заявіў, што ўжо ў гэтым годзе ў Беларусі мяркуецца стварыць авіяцыйную камендатуру і паставіць першае дзяжурнае звяно знішчальнікаў.
26 чэрвеня галоўнакамандуючы ВПС РФ генерал-лейтэнант Віктар Бондараў паведаміў, што расейская авіябаза будзе дыслакавацца ў Лідзе (Гарадзенская вобласць) і пачне функцыянаваць ужо ў 2013 годзе. На ёй будуць размешчаны мадыфікаваныя знішчальнікі Су-27СМ3.
Затым з'явілася інфармацыя аб размяшчэнні па меншай меры дзяжурных знішчальнікаў у Баранавічах.
Планы паводле размяшчэння расейскай авіябазы ў Беларусі выклікалі негатыўны рэзананс у грамадстве.