Пад Адэсай знеслі помнік Леніну
- 9.12.2013, 13:15
Дэмантаж помніка Леніну ў Кіеве выклікаў ланцуговую рэакцыю.
Невядомыя сёння ноччу знеслі статую кіраўніка кастрычніцкага перавароту 1917 года, усталяваную ў адным з паркаў горада Катоўск Адэскай вобласці. Пра гэта ў міліцыю паведамілі мясцовыя жыхары, паведамляе «Украинская правда».
Выездам на месца здарэння следча-аператыўнай групы Катоўскага гараддзела міліцыі ўстаноўлена, што помнік, які ўсталяваны на бетонным пастаменце, пазбавіўся бюста.
Яго фрагменты знаходзіліся каля падножжа пастамента .
Па дадзеным факце следчым аддзелам Катоўскага ГА распачатая крымінальная вытворчасць па арт. 296 КК (хуліганства).
Удзельнікі акцый пратэсту выступілі з ініцыятывай зносу помнікаў Леніну яшчэ ў некаторых населеных пунктах Украіны. Заклікі да гэтага прагучалі пасля падзей у сталіцы краіны.
Нагадаем, учора ўдзельнікі дэманстрацыі ў Кіеве скінулі помнік Леніну з пастамента. Статуя знаходзілася каля Бесарабскай плошчы. Помнік з дапамогай тросаў знеслі актывісты УА «Свабода». Пра гэта паведамляюць відавочцы падзеі ў сацыяльных сетках.
Сімвалічная акцыя завяршылася выкананнем нацыянальнага гімна Украіны.