Паліўная вайна з Украінай
- 11.02.2013, 8:27
Украінскія нафтаперапрацоўшчыкі распачалі чарговую спробу абмежаваць пастаўкі паліва з беларускіх НПЗ.
У 2011 і 2012 гадах падобныя дзеянні поспехам не ўвянчаліся. Як будзе ў гэты раз - невядома, піша TUT.by.
Уласнікі ўкраінскіх нафтаперапрацоўчых заводаў на днях атрымалі на подпіс фармуляр скаргі для пачатку правядзення антысубсідарнага расследавання ў дачыненні да імпарту нафтапрадуктаў з Беларусі. Бланк скаргі падрыхтавалі ў апараце віцэ-прэм'ера Украіны Юрыя Бойкі, які вядомы даўнім прыхільнікам абароны ўкраінскіх НПЗ шляхам увядзення пошлін або квот на імпарт нафтапрадуктаў. У пачатку 2011 года Мінэнэргавугля пад яго кіраўніцтвам ініцыявала правядзенне спецыяльнага расследавання ў дачыненні да імпарту, аднак Міжведамасная камісія па міжнародным гандлі ў снежні 2011 года прыйшла да высновы аб адсутнасці перадумоў для ўвядзення пошлін. У 2012 годзе з падачы Бойкі ўрад зноў разглядаў варыянты абмежавання імпарту, у прыватнасці, з дапамогай антысубсідарнага расследавання супраць адной Беларусі. Аднак рэалізацыя дадзенага рашэння была адкладзеная.
Сёння скарга нацыянальных вытворцаў з'яўляецца адпраўной кропкай у працэсе расследавання. Для пачатку расследавання неабходна, каб яе падпісалі 2/3 украінскіх НПЗ, то ёсць пяць заводаў. Вядома, што прадстаўленую скаргу падпісалі НПЗ групы «Прыват» мільярдэра Ігара Каламойскага - «Укртатнафта», «Нафтахімік Прыкарпацця» і «НВК «Галічына». Улічваючы дзяржаўны статус, відавочна, подпіс пад дакументам зробіць і Шэбелінскі ГПЗ (уваходзіць у структуру «Укргазздабыча»). У той жа час, па дадзеных OilNews, паўзу ў падпісанні ўзяла кампанія ТНК-ВР (валодае НПЗ «ЛІНІК»). Пасля прыпынення гэтага НПЗ у сакавіку мінулага года ТНК-ВР цалкам пераарыентавалася на пастаўкі паліва з Беларусі, дзе ажыццяўляе давальніцкую перапрацоўку , а таксама з'яўляецца акцыянерам «Мазырскага НПЗ». Аналагічныя матывы, відавочна, ёсць і ў «Лукойла» (валодае «ЛУКОЙЛ-Адэскі НПЗ»), які з'яўляецца адным з найбуйнейшых давальцаў у Беларусі, а таксама валодае буйной сеткай АЗС.
Па дадзеных крыніцы Forbes, блізкай да кіраўніцтва некалькіх украінскіх нафтаперапрацоўчых заводаў, чыноўнікі прапанавалі НПЗ вызначыць пошліну на беларускія нафтапрадукты ў памеры $180,84 на тону бензіну і дызпаліва, што аўтаматычна павышае кошт гэтых нафтапрадуктаў у розніцы на 1,3 грыўны за літр. Пошліну могуць увесці тэрмінам на 5 гадоў.
На сёння ва Украіне рэальна працуюць два з сямі вытворчасцяў па выпуску нафтапрадуктаў. Пустэчу запоўніла імпартнае паліва, у першую чаргу з НПЗ Беларусі. Так, з 2010 г. імпарт беларускіх нафтапрадуктаў вырас на 90,16% - да 3,8 млн т, што складае 41,21% рынка.
«БНК-Украіна», «дачка» «Беларускай нафтавай кампаніі», спецэкспарцёра нафтапрадуктаў з Мазырскага НПЗ і «Нафтана», з'яўляецца вядучым пастаўшчыком бензіну і дызпаліва на ўкраінскі рынак. У кампаніі сказалі, што ведаюць «пра спробу пачаць расследаванне». Разам з тым, у «БНК-Украіна» нагадалі, што такія «намеры ўжо прадпрымаліся, але не мелі поспеху». «Увядзенне пошліны, безумоўна, павысіць кошт на аўтамабільнае паліва на ўкраінскіх АЗС. Але мы не збіраемся пакідаць гэты рынак. Сваю долю маем намер захаваць», - адзначыў суразмоўца. У той жа час ён адмовіўся спрагназаваць, як магчымае ўвядзенне пошліны адаб'ецца на планах «БНК-Украіна» купіць АЗС або зямельныя ўчасткі пад забудову ў трох абласцях Украіны.
Удзельнікі рынка і эксперты лічаць прычынай падзення перапрацоўкі нафты ва Украіне тэхнічную адсталасць і нежаданне ўладальнікаў НПЗ інвеставаць у іх развіццё. У сваю чаргу ўладальнікі НПЗ і галіновае міністэрства лічаць, што ўкраінскія НПЗ вымушаныя пакідаць рынак пад ціскам больш танных нафтапрадуктаў з краін Мытнага саюза, дзе дзейнічае льготны рэжым паставак расейскай нафты.