Нідэрланды могуць увесці эканамічныя санкцыі супраць беларускай дыктатуры
- 12.02.2013, 10:04
Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Нідэрландаў Франс Цімерманс.
Ён не выключыў прымянення новых эканамічных санкцый у дачыненні да беларускага рэжыму ў выпадку парушэння правоў чалавека ў нашай краіне. Франс Цімерманс заявіў пра гэта падчас афіцыйнага візіту ў Варшаву, паведамляе Polskie radio.
«Мы можам прымяніць эканамічныя санкцыі, калі гэта будзе неабходна. Пакуль што сярод маіх еўрапейскіх калегаў няма адназначнага меркавання наконт іх эфекту. Я думаю, што падтрымка грамадзянскай супольнасці ў Беларусі сёння не менш важная», - так міністр адказаў на пытанне, ці гатовыя Нідэрланды спыніць закупкі нафтапрадуктаў у Беларусі.
Таксама Франс Цімерманс заявіў пра неабходнасць аказваць падтрымку незалежным СМІ і Еўрапейскаму гуманітарнаму ўніверсітэту.
Нагадаем, Нідэрланды з'яўляюцца найбуйнейшым імпарцёрам беларускіх нафтапрадуктаў. Каля 10% гандлёвага абароту Беларусі ў мінулым годзе прыпадала на гэтую краіну.
Беларуская апазіцыя неаднаразова звярталася да еўрапейскіх краін з патрабаваннем абмежаваць закупку нафтапрадуктаў і перастаць такім чынам фінансаваць рэжым.