Леанід Злотнікаў: Сітуацыя на фінансавым рынку застаецца напружанай
- 12.02.2013, 17:36
Нягледзячы на невыкананне ўмоў, Беларусь працягвае атрымліваць крэдыты ад Еўразійскага банка развіцця.
Пра гэта заявіў charter97.org беларускі эканаміст Леанід Злотнікаў у сувязі з невыкананнем Беларуссю ўмоў па 4-м траншы крэдыту ЕАБР.
«Што тычыцца траншаў па крэдыце, то беларускія ўлады не выканалі ўмовы не толькі па 4-мы траншы, але і па 3-м, які адбыўся яшчэ ў ліпені 2012 года. Нягледзячы на гэта Расея (а гэта фактычна расейскія крэдыты), усё роўна працягвае іх выдачу. Пагавораць, пазлуюцца і выдадуць. Складаецца такое ўражанне, што Пуцін змірыўся з гэтым фактам, і прытрымліваецца пазіцыі ў дачыненні да Беларусі «абы не замінала», - адзначыў эканаміст.
Леанід Злотнікаў дадаў, што Лукашэнка на дадзены момант вяртае па 100 млн. даляраў штогод за пазыкі 2007-2008 гг. і гаворка пра вяртанне гэтага крэдыту пакуль не ідзе, так як чакаецца яшчэ два траншы ў бліжэйшы час.
«У цэлым сітуацыя на фінансавым рынку застаецца вельмі напружанай: аддаваць трэба каля 17 млрд. даляраў. Неабходны прыток валюты для ўтрымання курсу рубля. Дадзеныя крэдыты выдаюць для папаўнення золатавалютных рэзерваў Беларусі, якія ў сваю чаргу хутка вычэрпваюцца, і эканоміка па выніку мае адмоўнае сальда», - завяршыў эканаміст.
Нагадаем, што Беларусь выканала толькі 6 з 10 умоў па прадастаўленні крэдыту Еўразійскім банкам развіцця. Чацвёрты транш крэдыту АКФ ЕўрАзЭС у суме 440 млн. даляраў ЗША паступіў у Беларусь 31 студзеня 2013 года, а ўжо ў лютым чакаецца чарговы.