Палоннік Белавежскай пушчы
- 13.02.2013, 11:21
24 гады пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму - такі прысуд вынес суд былому кіраўніку Кыргызстана Курманбеку Бакіеву.
Яго брата - Жаныбека Бакіева суд прысудзіў да пажыццёвага зняволення, піша «Независимая газета».
Прысуды экс-прэзідэнту і яго брату суд вынес у межах крымінальнай справы, узбуджанай па факце гібелі 13 сакавіка 2009 года былога кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Бакіева Медэта Садыркулава, яго кіроўцы Кубата Сулайманава, былога дырэктара Інстытута стратэгічных даследаванняў Сяргея Слепчанкі і Амурбека Асмонава.
Следства і суд па факце іх гібелі праходзілі двойчы. У першы раз, у часы праўлення Бакіева, кіргіская Феміда палічыла, што гібель трох чалавек стала вынікам выпадковага сутыкнення джыпа, у якім яны сядзелі, з легкавой машынай, за рулём якой знаходзіўся Амурбек Асмонаў. Апошні быў прызнаны Аламедынскім райсудом вінаватым у ДТЗ і асуджаны на 12 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі-пасяленні. У красавіку 2010 года Асмонаў быў зарэзаны невядомымі.
Другое следства і суд прайшлі ўжо пасля ўцёкаў сямейства Бакіевых з краіны. Матэрыялы па справе налічвалі некалькі дзесяткаў тамоў. Паводле версіі абвінавачвання, першыя тры чалавекі з чатырох вышэйпералічаных былі забітыя па замове Жаныбека Бакіева. Іх целы былі пагружаныя ў джып, пасля чаго арганізатары забойства інсцэніравалі няшчасны выпадак. Асамонава ж забіў член злачыннай групоўкі Камчы Кальбаева - Садык Барбуеў.
Усяго па справе праходзілі 10 чалавек. Сярод іх апынуліся: член крымінальнай групоўкі, супрацоўнікі спецслужбаў, аператыўнік МУС, намеснік начальніка ГУУС Бішкека, былы старшыня Памежнай службы. Некаторых з абвінавачаных суд апраўдаў, некаторых - амніставаў. Частка абвінавачаных атрымала значныя тэрміны зняволення.
Цяперашнія прысуды - 24 гады і пажыццёвы тэрмін у дачыненні да Курманбека Бакіева і яго брата Жаныбека - у гэтай крымінальнай справе апынуліся найбольш строгімі. Віну былога прэзідэнта суд палічыў даказанай па двух выпадках перавышэння паўнамоцтваў. Пацверджаны прысудам «паслужны спіс» Жаныбека Бакіева, які на момант злачынства кіраваў службай дзяржаховы (аналаг ФСО), апынуўся значна разнастайней - забойства, катаванні, выкраданне людзей, стварэнне арганізаванай злачыннай групоўкі, здзек над целамі памерлых.
Не выключана, што пералік прысудаў у дачыненні да сям'і кіраўніка папоўніцца - да гэтага часу не завершаны суд па справе аб гібелі ў красавіку 2010 года дзесяткаў дэманстрантаў.
Ва ўсёй гэтай судовай эпапеі ёсць адно важнае «але». Прысуд вынесены, аднак вінаватыя наўрад ці будуць прыцягнутыя да адказнасці. Курманбек Бакіеў знаходзіцца ў Беларусі пад абаронай Аляксандра Лукашэнкі. Жаныбек Бакіеў, па непацверджаных дадзеных, рэгулярна здзяйсняе паездкі па постсавецкім краінам. Сыны экс-прэзідэнта знаходзяцца ў далёкім замежжы. У дачыненні да малодшага, Максіма, амерыканская Феміда распачала крымінальную справу аб фінансавых махінацыях. Лёс іншых прадстаўнікоў клана Бакіевых невядомы.
На думку некаторых кыргызскіх юрыстаў, вынікі судовага працэсу можна зразумець дваяк: з аднаго боку, калі лёс занясе кагосьці з Бакіевых ў Кіргізію, - яны пазбавяцца волі. З іншага - пакуль яны знаходзяцца па-за радзімай, ім практычна нічога не пагражае.
На думку юрыста Незалежнай праваабарончай групы Нурбека Тактакунава, «суд, якi вынес такое рашэнне, зрабіў Бакіевым паслугу. Згодна з міжнароднымі нормамі, завочна прад'яўляць абвінавачванне, завочна судзіць і завочна асуджаць - нельга. Прысуд не мае юрыдычнай сілы і ўвесь працэс над Бакіевым - не што іншае як паказуха».
Панесці пакаранне Бакіевы могуць у адным выпадку - калі кіраўніцтва Кыргызстана вырашыцца і зможа арганізаваць аперацыю па захопе і дастаўцы на радзіму асуджаных, як у свой час зрабілі ізраільцяне ў дачыненні да нацысцкіх злачынцаў.