Перад Тбілісі Макей ездзіў раіцца ў Крэмль
- 13.02.2013, 13:17
Макей пытаўся ў кіраўніка МЗС Расеі дазволу на паездку ў Тбілісі.
На гэтую акалічнасць звяртае ўвагу палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі ў гутарцы з «Еўрарадыё».
На думку эксперта, паездка беларускага міністра замежных спраў на сустрэчу ў Тбілісі абмяркоўвалася з расейскім міністрам Сяргеем Лаўровым.
«Хацеў бы звярнуць увагу, што напярэдадні свайго візіту ў Тбілісі Макей быў у Маскве. У афіцыйнай інфармацыі адносна таго, што яны абмяркоўвалі з калегам Лаўровым, грузінскае пытанне не значылася. Але па неафіцыйных дадзеных, Макей літаральна раіўся з Лаўровым, ехаць яму ў Тбілісі ці не», - кажа Раман Якаўлеўскі.
Якаўлеўскі нагадвае, што афіцыйны Менск доўга захоўваў маўчанне наконт таго, хто будзе прадстаўляць нашу краіну на сустрэчы ў Тбілісі. Толькі пасля маскоўскага візіту стала вядома, што ў Грузію паедзе Уладзімір Макей.
Пракаментаваў эксперт і звесткі аб магчымай сустрэчы Саакашвілі і Лукашэнкі. На яго думку, нельга выключаць, што Макей павёз нейкія прапановы. Але распаўсюджванне такой інфармацыі зараз больш за ўсё выгадна менавіта Міхаілу Саакашвілі, які губляе палітычную вагу ў сваёй краіне.
Нагадаем, дэлегацыя Беларусі на чале з міністрам замежных спраў Макеем прымае ўдзел у перамовах дзяржаў-удзельніц «Усходняга партнёрства» ў Тбілісі.