МЗС апраўдваецца за правал знешняга гандлю
- 13.02.2013, 16:49
Па словах уладаў, сальда знешняга гандлю стала адмоўным не толькі з-за растваральнікаў.
Пра гэта паведаміў сёння намеснік міністра замежных спраў Аляксандр Гур'янаў на пасяджэнні Савета міністраў, перадае БелТА.
«Віной таму стала не толькі спыненне здзелак па растваральніках і змазачных матэрыялах», - заўважыў Аляксандр Гур'янаў. Адбілася паступовае пагаршэнне сітуацыі на знешніх рынках, уключаючы важныя таварныя пазіцыі.
У выніку сярэдні індэкс экспартных коштаў склаў усяго 100,1% і практычна склаўся на ўзроўні 2011 года. Гэта дазваляе зрабіць выснову, што рэзервы росту экспарту ляжаць у плоскасці нарошчвання фізічных аб'ёмаў тавараў за кошт новых відаў прадукцыі з высокім дабаўленым коштам.
Намеснік міністра замежных спраў адзначыў, што пры адсутнасці ў перспектыве прарыўных таварных пазіцый вельмі складана будзе падтрымліваць баланс гандлю таварамі.
Нагадаем, што пачынаючы з жніўня 2012 года, калі па просьбе расейскага боку Беларусь спыніла экспарт растваральнікаў, сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі (з улікам выплачаных нафтавых пошлін у расейскі бюджэт) сышло ў адмоўную зону. З жніўня па снежань 2012 года адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі (з улікам пошлін) склала, па дадзеных Нацбанка, $2,454 млрд.