З Бяляцкага выбіваюць прашэнне аб памілаванні
- 14.02.2013, 13:55
Палітвязня на паўгода пазбавілі спатканняў у турме.
Гэтую інфармацыю 13 лютага пацвердзіла адміністрацыя Бабруйскай калоніі № 2, дзе ўтрымліваецца палітвязень.
У 2012 годзе кіраўнік ПЦ «Вясна» быў пазбаўлены аднаго кароткатэрміновага (з трох магчымых) і адно доўгатэрміновага (з двух магчымых) спатканняў з роднымі. Пра тое, што ў новым годзе ён пазбаўлены аднаго доўгатэрміновага спаткання, Алесю Бяляцкаму стала вядома 5 лютага, а крыху раней яму паведамілі аб пазбаўленні кароткатэрміновага спаткання.
Такім чынам, наступнае «планавае» спатканне чакае Алеся Бяляцкага толькі ў жніўні, піша ПЦ «Вясна».
Праваабаронцы разглядаюць узмацненне ціску на Алеся Бяляцкага, як і на іншых палітвязняў, са спробай уладаў дамагчыся ад іх прашэнняў аб памілаванні.
Нагадаем, праваабаронца Алесь Бяляцкі быў асуджаны ў лістападзе 2011 года на 4,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Яго абвінавацілі ў нявыплаце падаткаў з замежных рахункаў. На самай справе грошы на тых рахунках прызначаліся для праваабарончай дзейнасці. Краіны ЕЗ, ЗША, праваабаронцы лічаць яго палітвязнем і патрабуюць неадкладнага вызвалення.