BE RU EN

Да Статкевіча падсаджвалі былога міліцыянта, які збіваў зняволеных

  • 17.02.2013, 19:40

16 лютага Марына Адамовіч атрымала ад Мікалая Статкевіча чарговы ліст з магілёўскай турмы.

Жонка палітыка працытавала «Радыё Свабода» фрагмент ліста, які тычыцца чарговы, як яна мяркуе, правакацыі супраць палітвязня.

«Першага чысла, як я зразумела, яму паспрабавалі падсадзіць новага суседа, які сам былы супрацоўнік міліцыі. І на яго там шмат скаргаў ад іншых сукамернікаў, што ён іх збіваў. «Але чалавек той тут доўга не затрымаўся, хутка разабраўся ў сітуацыі, папрасіў прабачэння за памылку і стаў прасіцца выйсці». А самы ключавы сказ, які сапраўды мяне напружыў, гэта вось такі: «Я не пісаў бы табе пра гэты выпадак, бо я ж не пра ўсе такія выпадкі паведамляю. Але мне тут ужо сказалі, што паводле гэтага выпадку, як начальнік выйдзе з адпачынку, будуць разбіральніцтвы. Калі мяне прызнаюць вінаватым ва «ўціску» яшчэ і на гэтага чалавека, то з улікам яго памераў і спецпадрыхтоўкі, я, мабыць, ужо монстар нейкі», - распавяла Марына.

Марына Адамовіч нагадала, што раней да Мікалая Статкевіча ў камеру падсажвалі вязня, з якім узнік канфлікт, і гэта адбілася на становішчы Статкевіча. Марына Адамовіч не выключае новых правакацый супраць яе мужа з-за таго, што ён адмаўляецца падпісваць прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі.

«Пра сябе Мікола напісаў, што пачуваецца добра. Цяпер яму шмат ідзе лістоў, ў тым ліку адказаў на ягоныя лісты. Даслала адказ Ірына Халіп, якая паведаміла, што толькі цяпер атрымала ад яго віншаванне з Новым годам, датаванае яшчэ 23 снежня».

Былы кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 гадоў зняволення за арганізацыю мітынгу пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года. Палітык адбывае пакаранне ў магілёўскай турме, куды быў змешчаны як злосны парушальнік рэжыму.

Апошнія навіны