BE RU EN

Дэпутат ПАРЭ: Смерць Магніцкага - толькі вяршыня айсберга

  • 18.02.2013, 15:52

Андрэас Грос, прызначаны Парламенцкай асамблеяй дакладчыкам па «справе Магніцкага», пабываў упершыню ў рамках сваёй місіі на мінулым тыдні ў Маскве.

Ён распавёў пра сваю паездку ў эксклюзіўным інтэрв'ю ВВС.

- Якія вашы паўнамоцтвы і задачы ў якасці дакладчыка ПАРЭ па «справе Магніцкага»?

- Я атрымаў мандат ад Рады Еўропы на тое, каб зрабіць даклад аб гэтым трагічным здарэнні. Мэта дакладу - зрабіць так, каб тыя, хто вінаваты ў смерці Магніцкага, былі пакараныя. Беспакаранасць - гэта тое, з чым мы ў першую чаргу змагаемся ў Еўропе.

Яшчэ адно, што мне падаецца важным, тычыцца разумення таго, што тое, што адбылося з Сяргеем Магніцкім, з'яўляецца толькі вяршыняй айсберга, і што пад ёй хаваюцца вельмі сур'ёзныя праблемы. Пра іх нядаўна ў сваім вялікім інтэрв'ю казаў расейскі прэм'ер Дзмітрый Мядзведзеў, калі ў Давосе размаўляў з прадстаўнікамі еўрапейскіх СМІ. Ён заявіў, што 20% грошай падаткаплацельшчыкаў Расеі раскрадаецца дзяржаўнымі служачымі.

І адно з асноўных пытанняў тут: Магніцкаі памёр, таму што сутыкнуўся з праявамі гэтай праблемы, ці гэта здарылася толькі з-за таго, што ўмовы ўтрымання ў расейскіх турмах не занадта добрыя для здароўя зняволеных? У мяне ёсць мандат на тое, каб устанавіць факты і ацаніць іх.

- З кім вы сустракаліся ў Маскве на працягу вашага трохдзённага візіту?

- Перш за ўсё, мы размаўлялі з афіцыйнымі асобамі з праваахоўных структур. Мы сустрэліся з намеснікам генеральнага пракурора Расеі Віктарам Грыням, выслухалі намесніка міністра ўнутраных спраў Ігара Зубава, [сустракаліся] з адным з высокапастаўленых супрацоўнікаў Следчага камітэта.

Таксама мы пагутарылі з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і праваабаронцамі, у тым ліку і афіцыйнымі - напрыклад, з кіраўніком Савета па развіцці грамадзянскай супольнасці і правах чалавека пры прэзідэнце Расеі Міхаілам Фядотавым. Акрамя таго, мы былі ў кантакце з кіраўніком расейскай дэлегацыі ў ПАРЭ, старшынёй камітэта Дзярждумы па міжнародных справах Аляксеем Пушковым.

Наступны наш крок - гэта сустрэча ў Лондане з былымі начальнікамі Магніцкага. Мы выслухаем іх дадзеныя і ацэнкі. Яшчэ мы будзем разбірацца са слядамі тых грошай, якія былі ў справе Магніцкага - бо за грашыма цягнецца след, і гэта добра для расследавання. У прыватнасці, гэтым цяпер займаюцца генеральныя пракуроры Малдовы, Швейцарыі, Кіпра, і з імі мы таксама пагаворым.

Нам трэба высветліць і яшчэ адну рэч, а менавіта - якая была ва ўсім гэтым роля самога Магніцкага: ён ахвяра ці ўдзельнік нейкай злачыннай схемы, як на тым настойваюць некаторыя нашы суразмоўцы? Усе гэтыя пытанні цяпер турбуюць людзей і ў Расеі, і ў Еўропе, і ў Злучаных Штатах.

- Калі вы кажаце аб неабходнасці высветліць, ці не быў Магніцкі сам удзельнікам злачыннай схемы, то вы маеце на ўвазе, што такія сцвярджэнні прагучалі тут, у Маскве?

- Я не павінен пакуль распаўсюджвацца ні пра што, што я пачуў у час маіх сустрэч тут, таму што гэтыя сустрэчы не былі публічнымі, але, відавочна, што розныя людзі па-рознаму вызначаюць ролю Магніцкага. Мая задача - знайсці сведчанні, якія найбольш поўна раскрываюць праўду. Таму мы і павінны выслухаць усіх, затым - параўнаць і ацаніць тое, што было сказана.

Пазітыўны момант складаецца ў тым, што я яшчэ змагу вярнуцца ў Маскву і прадставіць тым, з кім я тут сустракаўся, аргументы, якія, магчыма, пацвярджаюць зусім іншую версію, чым тая, на якой настойвалі яны на сустрэчах са мной 14 і 15 лютага.

- Якія могуць быць наступствы вашай работы і вашага дакладу?

- Я выкажу ўсе факты, якія будуць мною ўстаноўленыя, у дакладзе, і ў гэтым жа дакуменце я зраблю з гэтых фактаў высновы. Гэты даклад будзе прадстаўлены Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, якая ўключае дэлегацыі парламентаў з 47 еўрапейскіх краін.

Мною таксама будзе прадстаўлены праект рэзалюцыі ПАРЭ па гэтых дакладах і рэкамендацыі, якія ПАРЭ магла б ўхваліць. Але, натуральна, я нічога не магу сказаць зараз з нагоды сутнасці маіх будучых заключэнняў, так як я павінен ацаніць факты.

- Як бы вы ацанілі ступень адкрытасці расейскіх чыноўнікаў, з якімі вам атрымалася сустрэцца ў Маскве?

- Некаторыя з іх выказваліся вельмі дыпламатычна і ў агульных рысах, некаторыя былі больш адкрытыя, і мы ўдзячныя ім за гэтую адкрытасць. Але ў любым выпадку, як я ўжо сказаў, мы ўбачымся і з іншымі людзьмі, у прыватнасці, з былым босам Магніцкага, да якога ў Расеі цяпер ставяцца непрыязна.

Дарэчы, я б хацеў падкрэсліць, што падначаленыя ў любым выпадку не павінны расплачвацца за тое, як ставяцца да іх начальнікаў, а такі момант у гэтай гісторыі відавочна прысутнічае. Вынікі гэтых размоў і факты, у іх выкладзеныя, мы прад'явім тым жа самым расейскім афіцыйным асобам, з якімі я размаўляў у цяперашні свой прыезд.

- Калі ваш даклад павінен быць гатовы, і калі ПАРЭ зможа яго разгледзець?

- На пасяджэнні камітэта ПАРЕ па юрыдычных пытаннях і правах чалавека ў канцы студзеня мы ўжо прапанавалі, што трэба пайсці па паскоранай працэдуры. Я разлічваю на тое, што даклад будзе гатовы да летняй сэсіі ПАРЭ, самае пазней - да восеньскай. У любым выпадку, абмеркаванне майго дакладу і на пасяджэнні профільнага камітэта, і на сесіі, павінна адбыцца ў гэтым годзе.

Апошнія навіны