BE RU EN

Чыноўнікі «цішком» падаюцца на «карту паляка»

  • 19.02.2013, 16:49

Нягледзячы на забарону ўладаў, беларускія чыноўнікі імкнуцца атрымаць «карту паляка».

На Гродзеншчыне колькасць жадаючых атрымаць «карту паляка» ў апошні час павялічваецца. Падаюць дакументы на атрыманне «карты» і чыноўнікі, нягледзячы на загад уладаў здаць гэтыя карты ў аддзелы кадраў па месцы працы да тых часоў, пакуль яны знаходзяцца на дзяржаўнай службе, перадае «Радыё Свабода».

Паводле інфармацыі, якую распаўсюдзіў МЗС Польшчы, з 2008 года ў Беларусі атрымалі «карту паляка» 43 тысячы чалавек. Старшыня непрызнанага ўладамі Звязу палякаў Беларусі Мечыслаў Яскевіч кажа, што ў самым пачатку «карту паляка» імкнуліся атрымаць людзі старэйшага ўзросту, якія нарадзіліся ў 30-я гады, калі Гродзеншчына ўваходзіла ў склад Польшчы.

Цяпер сітуацыя змянілася, і сярод тых, хто падае дакументы на атрыманне «карты», - пераважна маладыя людзі.

Хоць улады забараняюць беларускім чыноўнікам карыстацца «картай паляка», пакуль тыя на дзяржаўнай службе, многія ўсё ж і цяпер падаюць дакументы на атрыманне «карты». Праўда, пры гэтым просяць, каб іх асабістыя дадзеныя не патрапілі да ўладаў.

«Вядома, у людзей ёсць асцярогі, яны імкнуцца, каб пра гэта ніхто не ведаў, не афішуюць гэтага. Мы, у сваю чаргу, стараемся ісці людзям насустрач», - распавёў Мечыслаў Яскевіч.

Віцэ-старшыня СПБ Рэната Дземянчук распавядае, што і зараз вядомыя факты, калі ад чыноўнікаў патрабуюць здаць «карту паляка». Кажа, што ёсць такія, хто ад яе адмовіўся, а некаторыя, нягледзячы на пагрозы, нікому яе не здавалі.

«Некаторыя чыноўнікі кажуць, што выйдзем на пенсію - тады і атрымаем «карту», каб не мець ніякіх непрыемнасцяў. Бо начальства, даведаўшыся, што ёсць «карта паляка», патрабуе яе здаць у аддзел кадраў альбо звольніцца. Ну, і людзі вымушаныя прыняць або адзін, або іншы бок», - кажа Дземянчук.

Апошнія навіны