Аляксандр Дзядок: Бізнэс-інтарэсы замінаюць вызваленню палітвязняў
- 20.02.2013, 18:43
Еўропа можа дамагчыся вызвалення беларускіх палітвязняў, але эканамічныя інтарэсы гэтаму шкодзяць.
Так мяркуе Аляксандр Дзядок, бацька палітвязня Мікалая Дзядка, паведамляе «Радыё Рацыя».
«Грошы вызначаюць усё, і нашы блізкія з'яўляюцца закладнікамі гэтай сітуацыі, - мяркуе ён. - А еўрапейцы за танную нафту і газ, за развіццё свайго бізнэсу і атрыманне прыбыткаў плююць на нашых дзяцей. Такое стаўленне нас вельмі хвалюе. Мы разумеем, наколькі гэта важна для нашых блізкіх, таму што магчымасці для іх вызвалення ёсць толькі ў Еўропе».
Нагадаем, Мікалай Дзядок, а таксама Ігар Аліневіч і Аляксандр Францкевіч, якія праходзілі ў гэтай жа справе, былі асуджаныя судом Заводскага раёна Менску 27 траўня 2011 года. Ім інкрымінавалі шэраг нападаў на будынкі і падпалы, у прыватнасці правядзенне несанкцыянаванай антымілітарнай акцыі каля будынку Міністэрства абароны ў 2009 годзе, закідванне бутэлькамі з запальнай сумессю тэрыторыі амбасады Расеі ў Менску і будынка турмы на вуліцы Акрэсціна ў 2010 годзе. Мікалая Дзядка прысудзілі да 4,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму. У снежні 2012 года ён быў пераведзены ў турму №4 Магілёва.