Бішкек дамагаецца выдачы Бакіевых праз АБСЕ і АДКБ
- 21.02.2013, 15:06
Парламент Кыргызстана звяртаецца да міжнародных арганізацый з просьбай аказаць дапамогу ў экстрадыцыі на радзіму былога кіраўніка Курманбека Бакіева і яго атачэння.
У чацвер, на пленарным пасяджэнні парламент прыняў адпаведны зварот да міжнародных арганізацый, піша «Інтэрфакс».
Дакумент будзе накіраваны ў Міжпарламенцкую асамблею СНД, ЕўрАзЭС, Парламенцкую асамблею АДКБ, Парламенцкую асамблею АБСЕ і Парламенцкую асамблею Рады Еўропы.
«Парламент выказвае сур'ёзную заклапочанасць у сувязі з тым, што Рэспубліка Беларусь працягвае ўхіляцца ад выканання міжнародных абавязацельстваў па экстрадыцыі Курманбека Бакіева і Жаныбека (Жаныша) Бакіева для адбыцця пакарання», - гаворыцца ў звароце.
«Сёння, калі суд прызнаў іх вінаватымі, ёсць усе падставы для іх выдачы Кіргізіі і прывядзення прысуду суда да выканання», - падкрэсліваецца ў ім.
Дэпутаты таксама нагадалі, што раней па лініі праваахоўных органаў, у тым ліку Інтэрпола, рэспубліка неаднаразова накіроўвала запыт аб іх экстрадыцыі.
Вайсковы суд Бішкекскага гарнізона ў лютым гэтага года вынес прысуд у дачыненні да былога кіраўніка Кыргызстана Курманбека Бакіева, які знаходзіцца ў міжнародным вышуку, і яго брата - экс-кіраўніка Службы дзяржаўнай аховы Жаныбека (Жаныша) Бакіева. Суд прызнаў іх вінаватымі ў цяжкіх злачынствах па арганізацыі выкрадання, катаванняў і забойства трох чалавек, здзейсненага з асаблівай жорсткасцю, прызначыўшы пакаранне першаму ў выглядзе 24 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці, а другому - пажыццёвае пазбаўленне волі з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем воінскага звання генерала. Яны хаваюцца на тэрыторыі Беларусі.