Макей у пошуках $ 2 мільярдаў
- 23.02.2013, 10:20
Улады Беларусі разглядаюць магчымасць пазычыць сёлета ў заходніх інвестараў або фінансавых інстытутаў блізу 2 млрд даляраў.
Гэтую інфармацыю TUT.BY паведамілі некалькі крыніц у фінансавых колах.
Са слоў аднаго суразмоўцы, Беларусь неўзабаве можа змясціць новае выданне еўрабондаў. «Сума будзе ў межах 1 млрд даляраў, можа, трохі менш. Гэта, напэўна, будуць 7-гадовыя паперы. Стаўка - 7-8%. Пакуль у Мінфіна пазітыўныя настроі на гэты конт», - сказаў ён.
Пры гэтым крыніца не выключае, што вялікую частку выдання могуць выкупіць арганізатары змяшчэння VTB Capital і Sberbank CIB, інвестыцыйныя «дочкі» расейскіх дзяржбанкаў.
Не лішне будзе нагадаць, што ў пачатку лютага беларуская дэлегацыя правяла ў Еўропе (Швайцарыі, Нямеччыне і Вялікабрытаніі) прэзэнтацыю трэцяга выдання еўрабондаў.
Яшчэ адной крыніцай танных грошай на Захадзе з'яўляецца Міжнародны валютны фонд. У 2009-2010 гадах Беларусь атрымала ад МВФ крэдыт на агульную суму амаль 3,5 млрд даляраў. Асноўны пік выплат прыпадае на 2013-2014 гады, калі Беларусі трэба будзе вярнуць вялікую частку пазыкі.
У 2012 годзе Менск ужо выказваў зацікаўленасць у новым крэдыце МВФ. Заходняя інстытуцыя выстаўляе свае патрабаванні. «Умовай укладання такой дамоўленасці павінна быць цвёрдая прыхільнасць улад Беларусі да рэалізацыі комплекснага і паслядоўнага пакета захадаў палітыкі і структурных рэформаў», - падкрэслівалася ў апошнім паведамленні Фонду.
Чарговая аглядная місія Міжнароднага валютнага фонду ў рамках чацвёртага артыкулу статута фонду будзе працаваць у Менску з 14 да 25 сакавіка. У рабочую праграму цяперашняй місіі МВФ уваходзяць кансультацыі экспэртаў фонду з урадам і Нацбанкам Беларусі ў пытаннях макраэканамічнай, бюджэтнай і грашова-крэдытнай палітыкі ўлад, а таксама ў пэрспэктывах развіцця беларускай эканомікі.
Кіраўнік Нацбанка Надзея Ермакова ў гутарцы з журналістамі 20 лютага сказала, што падчас працы наступнай місіі будзе ісці гаворка і пра новую праграму з МВФ. З ейных слоў, такія перамовы ідуць увесь час, калі прыязджаюць экспэрты фонду. Пры гэтым Ермакова выказала меркаванне, што, мусібыць, беручы пад увагу палітычны падтэкст сітуацыі, новая праграма з МВФ бліжэйшымі годам-двума распачатая не будзе.
«З нагоды МВФ сітуацыя вельмі простая. Трэба проста палітычная пастанова Лукашэнкі», - сказала крыніца ў фінансавых колах Беларусі. Менск павінен «вызваліць палітвязняў і паказаць схільнасць да прыватызацыі». «Прычым прыватызацыі не «фамільнага срэбра». Будзе дастаткова некалькі невялікіх прадпрыемстваў. Напрыклад, з пераліку Нацыянальнага агенцтва [інвестыцый і прыватызацыі] і Сусветнага банка», - дадаў ён. Што да сумы крэдыту, то «размова пакуль ідзе аб некалькіх мільярдах даляраў». Традыцыйна выплаты будуць падзеленыя на раты на працягу 2-3 гадоў. «У найлепшым выпадку ў гэтым годзе Беларусь здолее атрымаць пару мільярдаў заходніх грошай», - адзначыў суразмоўца.
Не варта забываць, што Беларусь у 2013 годзе праходзіць пік выплат замежнай дзяржаўнай запазычанасці і ёй трэба будзе выплаціць замежным крэдыторам больш за 3 млрд даляраў. Беларускі ўрад разлічвае амаль напалову рэфінансаваць гэтую суму з дапамогай новых запазычанняў.
«Дадзеная выяўная ўстаноўка як мага пазычаць грошы не толькі на Усходзе, але і на Захадзе. Беларусь цяпер ляціць на адным расейскім крыле, рызыкуючы экстранна прызямліцца на Чырвонай плошчы», - кажа экспэрт у банкавых колах. «Новыя пазыкі патрэбныя Менску не толькі для рэфінансавання дзяржаўнай завінавачанасці, але і для правядзення мадэрнізацыі. Бо сёлета Беларусь рызыкуе недалічыцца валютнага даходу ад продажу нафтапрадуктаў і калійных угнаенняў», - дадае ён.
Крыніцы тлумачаць спробу Менска наладзіць стасункі з Еўразвязам і ЗША жаданнем пазычыць грошы на Захадзе. «ЕЗ і Амэрыка з'яўляюцца асноўнымі заснавальнікамі МВФ, і ад іхнай пастановы залежыць новая праграма для Беларусі», - адзначыў суразмоўца.
22 лютага міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей абмеркаваў з кіраўніком прадстаўніцтва Еўразвязу ў Менску Майрай Морай перспектывы ўзаемадзеяння Беларусі і ЕЗ. 29 студзеня Макей размаўляў на гэтую тэму з Лукашэнкам. Правадыр «узгадніў шэраг прапаноў МЗС Беларусі, накіраваных на далейшую актывізацыю працы з еўрапейскімі партнёрамі».