Улады абяцаюць друкаваць менш грошай
- 25.02.2013, 10:07
У Беларусі ў 2013 годзе плануецца абмежаваць прырост рублёвай грашовай масы.
Ён павінен скласці 21%.
Пра гэта гаворыцца ў пастанове Міністэрства эканомікі.
У ёй зацверджаныя разліковыя балансавыя паказчыкі прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на бягучы год.
У прыватнасці, у пастанове гаворыцца, што патрабаванні банкаў да эканомікі ў 2013 годзе не павінны вырасці больш чым на 20%, або на Br39 трлн.
Дакументам таксама прадугледжана, што прырост шырокай грашовай масы (агрэгат М3) за 2013 год не павінен перавысіць 19%.
Плануецца, што рублёвая грашовая база (рэзервовыя грошы) у 2013 годзе вырасце не больш, чым на 21%.
Па дадзеных Нацбанка Беларусі, у 2012 годзе грашовая маса ў беларускіх рублях вырасла на 57,2% пры мэтавым прагнозе не больш за 21-25%. Прырост патрабаванняў банкаў да эканомікі склаў 37% (прагноз 17-23%). Шырокая грашовая маса ў мінулым годзе павялічылася на 44,6% (прагноз 22-24%), рублёвая грашовая база - на 77,2% (25-28%).
У асноўных напрамках грашова-крэдытнай палітыкі на 2013 год НББ адмовіўся ад указання прагнозу параметраў грашовай прапановы.