Мясніковіч распарадзіўся праверыць «Белнафтахім»
- 26.02.2013, 9:00
Прэм'ер-міністр загадаў правесці праверку эфектыўнасці працы кіраўніцтва канцэрна.
Гэта вынікае з распараджэння, апублікаванага ўчора на нацыянальным прававым партале.
У ім гаворыцца аб стварэнні міжведамаснай камісіі для правядзення ацэнкі эфектыўнасці дзейнасці Беларускага дзяржаўнага канцэрна нафты і хіміі, ягонага кіраўніцтва і апарата кіравання.
Нагадаем, тыдзень таму канцэрн «Белнафтахім» распавёў пра ўласную інвестыцыйную дзейнасць і абвінаваціў беларускіх энэргетыкаў у зрыве шэрагу праектаў у мінулай пяцігодцы, «калі ў разлікі закладваліся адныя лічбы на энэргетыку, а фактычна яны сталіся іншымі».
Тады кіраўніцтва канцэрна прыстрашыла купляй элэктраэнэргіі непасрэдна ў расейскіх вытворцаў.
«Самае праблемнае пытанне, якое сёння стрымлівае інвестыцыйны працэс, - гэта існыя ў краіне кошты на энэргетыку, якія не дазваляюць выйсці на прымальныя тэрміны акупнасці новых вытворчасцей», - заявілі тады ў прэс-службе канцэрна.
Трэба адзначыць, што тарыфы на элэктраэнергію ў Беларусі ўзгадняюцца на ўзроўні ўрада, таму прэтэнзіі, якія прагучалі раней у адрас энэргетыкаў, ускосна адрасаваныя і кіраўніцтву краіны.