BE RU EN

Таемны візіт беларускай дэлегацыі ў Іран

  • 27.02.2013, 8:41

Беларусь прымае ўдзел у выставе высокіх тэхналогій у Тэгеране.

Як паведамляе іранская тэлекампанія Press TV, мерапрыемства адкрылася 25 лютага і працягнецца да сённяшняга вечара. У выставе прымаюць удзел больш за 70 кампаній з трох краін - Беларусі, Расеі і Украіны. На ёй прадстаўленыя найноўшыя распрацоўкі і тэхналогіі, інавацыйныя падыходы і методыкі ў такіх сферах, як біятэхналогіі, энергетыка і электроніка, нанатэхналогіі, новыя матэрыялы, машынабудаванне, суднабудаванне, інфармацыйныя тэхналогіі.

Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі адзначае, што ў Беларусі ёсць што прапанаваць іранскаму рэжыму ў сферы высокіх тэхналогій. Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю сайту charter97.org.

«Можна нагадаць што сам Ахмадзінеджад - фізік па адукацыі з навуковай ступенню. І, хутчэй за ўсё, ён асабіста можа ацаніць магчымасці Беларусі ў сферах, якія пазначаныя ў назве гэтай выставы. Не сакрэт, што ў нашай краіне застаўся прыкметны патэнцыял савецкай спадчыны. І, як запэўніваюць некаторыя спецыялісты, гэты патэнцыял за гады дзяржаўнай незалежнасці нават атрымалася павялічыць. Пра гэта добра павінен быць дасведчаны цяперашні прэм'ер і былы старшыня Нацыянальнай акадэміі навук Міхаіл Мясніковіч», - сказаў ён.

Эксперт звяртае ўвагу на тое, што ў афіцыйных СМІ інфармацыі пра ўдзел беларускай дэлегацыі няма. Таксама невядомы і яе склад.

«Падведамныя СМІ ў Беларусі пакуль наогул маўчаць пра ўдзел Беларусі ў гэтым міжнародным форуме. Невядомы таксама і склад беларускай дэлегацыі, якая з'ехала ў Тэгеран. А бо ў цяперашніх умовах знешнепалітычнай самаізаляцыі, беларускі рэжым не прапускае любога выпадку заявіць пра сябе ў свеце. Таму, цяперашняя «сціпласць» МЗС, які, як правіла, агучвае любыя міжнародныя мерапрыемствы з удзелам беларускай афіцыйнай дэлегацыі, уяўляецца дзіўнай і нават падазронай для тых, хто ўважліва сочыць за ўсім, што тычыцца Ірана», - адзначыў Раман Якаўлеўскі.

Эксперт, спасылаючыся на ўласныя крыніцы кажа пра тое, што задачы беларускай дэлегацыі, якая прымае ўдзел у выставе, могуць быць больш шырокімі і не абмяжоўвацца рамкамі мерапрыемства.

«Прычыны такой «сціпласці» афіцыйнага Менска могуць стаць яснымі, калі высветліцца персанальны склад беларускай дэлегацыі ў Тэгеране. Па некаторых дадзеных, у яе складзе могуць быць і асобы, якім было даручана нефармальна і прама кантактаваць на больш шырокія, чым афіцыйна было заяўлена, тэмы. Некаторыя маскоўскія і іншыя крыніцы менавіта на гэтыя абставіны рэкамендавалі звярнуць увагу», - сказаў Раман Якаўлеўскі.

Апошнія навіны