Украіна ўвядзе загараджальныя меры на пастаўкі беларускіх нафтапрадуктаў
- 27.02.2013, 12:35
Урад Украіны мае намер даказваць сур'ёзны дэмпінг беларускага імпарту і збіраецца дамагацца ўвядзення загараджальных мер на пастаўкі нафтапрадуктаў з Беларусі.
Пра гэта журналістам у ходзе 4-га штогадовага Украінскага энергетычнага форуму Інстытута Адама Сміта заявіў віцэ-прэм'ер-міністр Украіны Юрый Бойка, паведамляе агенцтва OilNews.
«Пасля таго, як беларускія калегі пачалі пад выглядам растваральнікаў прадаваць дызпаліва практычна наогул без падаткаў... Мы бачым, што гэта прыкметы вельмі высокага ўзроўню дэмпінгу. Таму мы настроены, каб абараніць свайго вытворцу», - сказаў ён.
Нагадаем, Міністэрства энергетыкі і вугальнай прамысловасці Украіны зноў вывучае магчымасць увядзення пошлін на імпартныя нафтапрадукты.
Напярэдадні ТНК-ВР заявіла, што не будзе падтрымліваць скаргу аб узбуджэнні і правядзенні антысубсідарнага расследавання імпарту ва Украіну асобных прадуктаў нафтаперапрацоўкі (бензінаў маторных і іншых лёгкіх дыстылятаў, дызельнага паліва) з Беларусі. У 2011 г. ТНК-ВР падтрымлівала абмежавальныя меры.
Па дадзеных OilNews, «ЛУКОЙЛ» таксама не мае намеру падтрымліваць увядзенне пошлін. Раней прэзідэнт кампаніі Вагіт Алекпераў заявіў, што пошліны могуць прывесці да росту коштаў на нафтапрадукты на ўкраінскім рынку.
У пачатку 2013 г. уласнікі ўкраінскіх нафтаперапрацоўчых заводаў атрымалі на подпіс фармуляр скаргі для правядзення антысубсідарнага расследавання ў дачыненні да імпарту нафтапрадуктаў з Рэспублікі Беларусь.
Скарга прадугледжвае пяцігадовыя абмежавальныя меры да паліва з Беларусі. Велічыня субсідый для беларускіх НПЗ вызначана на магчымым узроўні ў $180,84 на тоне паліва, які, верагодна, і будзе разглядацца ў якасці абмежавальнай меры для імпарту ва Украіну. Пры гэтым, як сведчаць крыніцы агенцтва, падрыхтоўку дакумента і рассылку яго ўласнікам НПЗ ініцыяваў апарат віцэ-прэм'ер-міністра Украіны Юрыя Бойкі, які неаднаразова лабіраваў увядзенне пошлін, альбо іншых абмежаванняў да імпарту паліва. Зрэшты, беспаспяхова. Так, у 2012 г. урад разглядаў варыянты абмежавання імпарту, у прыватнасці, з дапамогай антысубсідарнага расследавання супраць адной Беларусі, тады як у працэсе спецрасследвання Украіна натыкнулася на рэзкае супрацьдзеянне еўрапейскіх экспарцёраў нафтапрадуктаў.